У французскага весляра, які ехаў у Беларусь, знайшлі допінг
У чальца французскай каманды па веславанні на байдарках і каноэ беларускія мытнікі выявілі забароненае рэчыва. Допінг мытнікі знайшлі пры асабістым доглядзе спартоўца, перадае БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва (НАДА).
У Заслаўі праходзіць чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ сярод юніёраў і моладзі да 23 гадоў. У аднаго з чальцоў французскай дэлегацыі, якая накіроўвалася на спаборніцтвы, мытнікі і выявілі допінг. Яны склалі адпаведны акт і паведамілі ў Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва.
Намеснік дырэктара НАДА Валерый Ракавец паведаміў, што знойдзенае рэчыва адносіцца да асаблівых субстанцыяў S9 (глюкакард) і забароненае да ўжывання падчас перыяду спаборніцтваў. НАДА паведаміла пра інцыдэнт у аргкамітэт чэмпіянату, а таксама ў Міжнародную федэрацыю каноэ (ICF) і ВАДА.
Дарэчы, скандал са знойдзенымі ў беларускіх весляроў таблеткамі забароненага мельдонію адбыўся пасля ператрусу ў Францыі. Вынікам гэтага стала дыскваліфікацыя беларускай мужчынскай зборнай перад Алімпіядай.