У Францыі не давяраюць валанцёрам з Беларусі і Расіі
Французскія ўлады спасылаюцца на "рызыкі для бяспекі"
У Францыі не давяраюць валанцёрам з Беларусі і Расіі. Сталі вядомыя факты скасавання запрашэнняў, якія яшчэ летась атрымлівалі беларусы і расіяне. Як паведамляе AFP, дзясяткі чалавек атрымалі лісты, у якіх гаворыцца, што праверка не пройдзена (дакладная колькасць невядомая). У іх згадваюцца "рызыкі для бяспекі". Адмоўлена нават валанцёрам, якія жывуць у Францыі. А некаторыя з іх прайшлі навучанне.
Арганізатары Алімпіяды заявілі, што не ведаюць канкрэтных прычын адмовы, яны толькі атрымалі ад службовых асоб рашэнні па персаналіях. 31-гадовая расіянка Дыяна, якая жыве ў Францыі, збіраецца падаць скаргу на Міністэрства ўнутраных спраў.
"Алімпійскія Гульні ў Парыжы пройдуць ва ўмовах вайны Расіі супраць Украіны, — адзначае AFP. — Расійскія і беларускія спартсмены могуць выступаць на спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе. Французскія службы бяспекі асцерагаюцца, што Масква можа паспрабаваць сарваць правядзенне Гульняў".
Алімпіяда ў Парыжы стартуе 26 ліпеня. Агулам для ўдзелу ў ёй адабралі 45 тысяч валанцёраў. Яшчэ ў сакавіку МУС Францыі паведаміла, што "правяраюць абсалютна ўсіх", і 800 чалавек ужо атрымалі адмовы. Эксперты мяркуюць, што Францыя "вырашыла падстрахавацца".
19-гадовы беларус Дзмітрый Шаляпін, які вучыцца ў Сарбоне ў Парыжы, кажа, што шмат гадоў марыў стаць алімпійскім валанцёрам. І вось яму таксама адмовілі. Шаляпін прызнаўся, што плакаў, калі да яго дайшла гэтая навіна. "Яны ставяцца да нас як да тэрарыстаў", — сказаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.