У Францыі з-за шторму абясточаныя 250 тысяч дамоў
Прычынай сталі залевы і вецер, парывы якога дасягалі 145 кіламетраў у гадзіну.
Стыхія прывяла да значных разбурэнняў на англійскім і французскім узбярэжжы Ла-Манша, паведамляе ВВС.
У Брэтані і Нармандыі, на поўначы Францыі, без святла засталіся амаль 250 тысяч дамоў. Энэргетычныя кампаніі абяцаюць зрабіць усё магчымае, каб аднавіць падачу току да пачатку калядных святаў, гэта значыць да раніцы серады.
Яшчэ каля 100 тысяч дамоў і офісаў засталіся без электрычнасці ў паўднёвых раёнах Англіі.
Па абодва бакі праліва былі адмененыя рэйсы чыгуначных, паветраных і паромных зносінаў. У аэрапорце Гатвік на паўднёвым усходзе Англіі была спыненая падача электраэнэргіі.
Дарэчы, 24 снежня, пярэдадзень Калядаў, з'яўляецца адным з самых напружаных дзён для транспартных сістэм абедзвюх краінаў.
Фота — ria.ru