У Гаазе судзяць заснавальніка "Радыё тысячы пагоркаў"
Фелісьен Кабуга / UN-IRMCT
У Гаазе пачынаецца суд над Фелісьенам Кабугам, паведамляе праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch. Гэты руандзійскі бізнесовец быў сузаснавальнікам і галоўным спонсарам "Вольнага радыё і тэлебачання тысячы пагоркаў", якое распальвала міжнацыянальную варожасць і падбухторвала да генацыду ў Руандзе ў 1994 годзе.
Кабугу, які хаваўся 23 гады, арыштавалі недалёка ад Парыжа. Ён уцёк з Руанды адразу пасля генацыду тутсі, падчас якога загінула, па розных ацэнках, ад 500 тысяч да мільёна чалавек. Медыямагнат спярша хаваўся ў Заіры (цяпер Дэмакратычная Рэспубліка Конга), а апошнія гады жыў у Францыі паводле фальшывых дакументаў. У 1997 годзе Міжнародны трыбунал па Руандзе выставіў яму некалькі абвінавачванняў, у тым ліку ў генацыдзе, прамым і публічным падбухторванні да генацыду і злачынствах супраць чалавечнасці.
Руандзійскага медыямагната шукалі 23 гады і арыштавалі ў 2020-м.
У 1994 годзе Кабуга быў адным з самых багатых людзей ва ўсёй Афрыцы, а таксама набліжаным да прэзідэнта краіны Жувеналя Хабіярыманы. Гібель Хабіярыманы стала падставай для пачатку генацыду. "Радыё тысячы пагоркаў", заснаванае Кабугам, стала сімвалам агрэсіўных, прапагандысцкіх і чалавеканенавісніцкіх СМІ. Супрацоўнікамі радыё былі толькі хуту, а само радыё пастаянна распальвала нянавісць да тутсі: у эфіры заклікалі знішчаць іх, называлі прозвішчы канкрэтных людзей і іх адрасы.
Судзіць Кабугу міжнародны рэшткавы механізм для крымінальных трыбуналаў — гэта заснаваная ў 2010 годзе ААН структура, якая з'яўляецца пераемніцай Міжнароднага трыбуналу па былой Югаславіі і па Руандзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.