У “Гавары праўду” не абралі лідара праз “сакральнасць” гэтай пасады

На тэрмінова сабраным рэспубліканскім савеце “Гавары праўду” прызначыць новага лідара кампаніі так і не здолелі. Адзінае што “з разуменнем паставіліся да рашэння Уладзіміра Някляева спыніць сваю дзейнасць ва ўсіх апазіцыйных структурах” і абралі яшчэ аднаго намесніка кампаніі — Лідзію Сагідуліну
 
Пытанне лідарства ў кампаніі “Гавары праўду” занадта сакральнае, каб можна было абраць новага лідара вузкім колам, тлумачыць журналістам імаверны кандыдат у прэзідэнты ад “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч
 
Караткевіч: “Бласлаўляла нашу каманду на працу каманда волатаў — лідараў нацыянальнага адраджэння. Гэта Рыгор Барадулін і Генадзь Грушавы, Святлана Навумава і Уладзімір Някляеў. Велічнасць гэтых людзей сфармавала лідарства ў нашай кампаніі як сакральнае. А сакральнае патрабуе асаблівай павагі, асаблівага стаўлення”.
 
Таму і вырашылі, што новага лідара будуць абіраць на з’ездзе, які пройдзе 30 траўня. Каб была канкурэнцыя і каб сітуацыя, з якой кампанія будзе падыходзіць да прэзідэнцкіх выбараў, стала больш зразумелай, тлумачыць Андрэй Дзмітрыеў.
 
Што да патэнцыйных прэтэндэнтаў на лідарства ў кампаніі, то Дзмітрыеў хітра ўсміхаецца: “Іх як мінімум двое: я і Таццяна Караткевіч”. А вось з разуменнем сітуацыі, з “якой кампанія будзе падыходзіць да прэзідэнцкіх выбараў”, могуць узнікнуць праблемы. 
 
Таццяна Караткевіч бадзёра заяўляе: “Сёння мы ведаем, што нам рабіць, сёння мы скіраваныя на тое, каб на высокім узроўні правесці выбарчую кампанію. І працягнуць сваю супрацу ў кааліцыі “Народнага рэферэндуму”.
 
 
Так, Таццяну, як яшчэ раз нагадвае Андрэй Дзмітрыеў, “Гавары праўду” вылучыла кандыдатам у прэзідэнты ад “Народнага рэферэндуму”, але сама кааліцыя на гэты конт рашэння яшчэ не прыняла. Яе кандыдатуру падтрымала Партыя БНФ, Рух “За свабоду” заявіў, што нікога ўвогуле ні вылучаць, ні падтрымліваць не будзе, а БСДП (Грамада) да гэтага часу маўчыць.
 
Дзмітрыеў: “Чакаем рашэння БСДП (Грамада) ў найбліжэйшы тыдзень. Калі яны падтрымаюць Таццяну, то ўсё — мы ідзем далей”.
 
Праўда, з хуткасцю прыняцця рашэнне “грамадоўцамі” могуць узнікнуць праблемы. Як стала вядома Еўрарадыё, прымаць рашэнне аб вылучэнні свайго кандыдата ці падтрымцы “чужога” партыя паводле статута можа толькі пасля прыняцця адпаведнага рашэння на з’ездзе. А з’езд яны могуць правесці, усё па тым жа статуце, не раней, чым праз тры месяцы пасля таго, як вырашылі яго праводзіць. Рашэння такога няма. Але калі яно нават і будзе прынятае зараз, то з’езд пройдзе ў жніўні. 
 
Дзмітрыеў: “Ну, тут толькі пытанне ў тым, як яны сфармулююць гэтае сваё рашэнне (аб падтрымцы Таццяны Караткевіч — Еўрарадыё), каб гэта не абцяжарвалася фармальнымі працэдурамі”.
 
Што будзе рабіць “Гавары праўду” ў тым выпадку, калі сацыял-дэмакраты не падтрымаюць кандыдатуру Караткевіч, Дзмітрыеў казаць адмаўляецца. Затое не забываецца паўтарыць, што ў складзе будучай кампаніі будучага кандыдата ў прэзідэнты ад “Народнага рэферэндуму” будзе і экс-лідар кампаніі Уладзімір Някляеў. І што следам за лідарам з кампаніі не сышло ніводнага актывіста.
 
Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі