У Газу па моры даставілі 200 тон прадуктаў. Людзі ў сектары паміраюць ад голаду

Дапамога для людзей, што галадаюць у сектары Газа

Дапамога для людзей, што галадаюць у сектары Газа / chefjoseandres

Гуманітарную дапамогу для Газы ўпершыню ўдалося даставіць па вадзе. Першае судна выгрузіла 200 тон харчавання на бераг, піша ВВС.

Іспанскае судна Open Arms адплыло ад Кіпра ў аўторак. На борце былі рыс, мука, бабовая, кансерваваная гародніна і бялкі.

Прадукты перадала кампанія World Central Kitchen. Яе заснавальнік, вядомы шэф-кухар Хасэ Андрэс, напісаў у X, што ўсе 200 тон харчавання была перагружаныя ў 12 грузавікоў.

"Мы зрабілі гэта!"

Па словах Андрэса, пасля таго, як марскі шлях паставак прайшоў праверку, у Газу можна будзе дастаўляць да тысячы тон прадуктаў за тыдзень. Пакуль незразумела, як яны будуць размяркоўвацца ўнутры сектара.

Гуманітарныя арганізацыі выпрабавалі марскі шлях пастаўкі пасля таго, як спробы скідаць дапамогу з паветра прывялі да трагедыі. Пяць чалавек загінулі з-за няспраўнага парашута. Груз з гуманітарнай дапамогай упаў проста на людзей.

Наземныя ж пастаўкі прыйшлося часова прыпыніць пасля таго, як канвоі падвергліся абстрэлу і рабаванням.

Уласная вытворчасць прадуктаў харчавання ў Газе сур'ёзна пацярпела з-за ваенных дзеянняў. Фермы, пякарні і фабрыкі былі разбураны або заблакаваны.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЕС Жазэп Барэль абвінаваціў Ізраіль у стварэнні тэхнагеннай катастрофы і выкарыстанні голаду ў якасці зброі на вайне. Ізраіль катэгарычна адмаўляе сваю віну за недахоп харчавання ў сектары Газа. Тэль-Авіў дазваляе пастаўкі дапамогі праз два кантрольна-прапускныя пункта на поўдні і лічыць, што праблема ў няздольнасці гуманітарных арганізацый справіцца з лагістыкай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі