У Германіі баяцца застацца без традыцыйных калядных кірмашоў
Замест традыцыйнага свята яны ператвараюцца ў сезонныя “Дыснэйлэнды” з равучай поп-музыкай.
Калядныя кірмашы, якія з’яўляюцца абавязковым атрыбутам навагодніх святаў у Еўропе, губляюць свае традыцыі. Der Spiegel апісвае, як выглядае ідэальны кірмаш: драўляныя кіёскі, якія прадаюць самаробныя шчыпцы для арэхаў, глінтвейн, смажаныя каўбасы, а дзе-небудзь у цэнтры знаходзіцца з густам аформленая ёлка. І для кантрасту выданне піша, як выглядае сучасны кірмаш.
Der Spiegel: “Некаторыя з 1500 калядных кірмашоў у Германіі — сумнеўная справа. Яны прапануюць горкі-атракцыёны, неонавыя колы агляду з равучай поп-музыкай, не кажучы ўжо пра танныя імпартныя шчыпцы для расколу арэхаў”.
Яскравым прыкладам такога немудрагелістага кірмашу можа быць берлінскі, які Der Spiegel называе “сезонным Дыснэйлэндам”.
Увогуле, звычайна кірмашы ў Германіі пачынаюцца не раней за рэлігійнае свята, прысвечанае памерлым. Але ў апошнія гады ніхто гэтага не прытрымліваецца, на што і скардзяцца мясцовыя біскупы.
Усё бы нічога, але сучасныя тэндэнцыі могуць пашкодзіць іміджу вялікай нацыянальнай славутасці Германіі, у якой і зарадзіліся кірмашы і навагодняя ёлка. Традыцыі вельмі добра прыжыліся і пачалі экспартавацца за межы Германіі. Напрыклад, адзін з самых вялікіх нямецкіх кірмашоў знаходзіцца ў брытанскім Бірмінгеме і штогод збірае каля 5 мільёнаў наведвальнікаў.
У самой жа Германіі сур’ёзна ўзяліся за абарону традыцый. The Guardian распавядае, як гэта робяць у заходненямецкім горадзе Гельзенкірхене:
“Сёлета горад закрыў некаторыя харчовыя шапікі і павялічыў працэнт кіёскаў, якія прадаюць свечкі ручной працы, драўляныя цацкі і ёлачныя ўпрыгожванні, ад 15 да 40%. А глінтвейн-кропкі мусяць падпісаць дамову аб тым, што ў іх будзе граць толькі музыка з “каляднай атмасферай”.
Дарэчы, у Заходняй Германіі яшчэ не ўсё згублена, лічыць вядучы эксперт па калядных рынках, высокапастаўлены чыноўнік у аддзеле турызму Франкфурта, Курт Строшэр. Ва Усходняй Германіі кірмашы камерцыялізуюцца і губляюць свой каларыт, хіба што Дрэздэн адрозніваецца. А ў заходняй частцы краіны з каляднымі традыцыямі эксперыментаваць не збіраюцца.
“Я магу вас запэўніць, што мы ў Франкфурце не збіраемся эксперыментаваць з паркамі атракцыёнаў. Наадварот, наш поспех па іншых рынках звязаны з нашай аўтэнтычнасцю. Захаванне вясковага шарму з’яўляецца часткай нашай маркетынгавай канцэпцыі. Я ўпэўнены, што мае калегі ў Нюрнберга ці Мюнхена не будуць нічога мяняць таксама”, — кажа Курт Строшэр.
Згодна з даследаваннямі, за апошнія 10 гадоў наведвальнасць нямецкіх кірмашоў падскочыла з 50 да 85 мільёнаў чалавек у год. Сярэдні немец выдаткоўвае на іх 21 еўра, палова з якіх прыходзіцца на ежу.
Фота: eurotravelogue.com