"У гэтыя дні вырашаецца будучыня Беларусі": Еўрадэпутаты выступілі з заявай
Народны мемарыял загінуўшым падчас акцый пратэсту ў Беларусі / Еўрарадыё
14 жніўня беларускія ўлады адмовілі ва ўездзе двум членам Еўрапейскага парламента. Роберт Бедронь — кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю. Петрас Аўштрявічус — пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі.
Еўрадэпутаты зрабілі сумесную заяву з нагоды адмовы ва ўездзе ў Беларусь.
"Такімі паводзінамі беларускі рэжым абверг любую магчымасць сваёй гатоўнасці да дыялогу. Такія намеры былі пустымі словамі. Дзеянні беларускага рэжыму пацвярджаюць, што адзіны шлях для ЕС — гэта падтрымаць беларускі народ у яго пратэстах з-за жорсткіх паводзінаў рэжыму і заклікаць да адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі".
Толькі пасля гэтага, лічаць еўрадэпутаты, магчымы дыялог і арганізацыя новых, свабодных і справядлівых выбараў.
"У гэтыя дні вырашаецца будучыня Беларусі", — падкрэсліваюць члены Еўрапарламента Роберт Бедронь і Петрас Аўштрявічус.
Дэпутаты заклікалі інстытуты Еўрапейскага Саюза заставацца прынцыповымі ў падтрымцы і абароне законных імкненняў беларускага народа жыць у дэмакратычнай краіне, дзе пераважае вяршэнства закона, паважаюць асноўныя свабоды і правы чалавека.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.