У Глыбокім жанчына-інвалід змагаецца за сваю працу
Прыбіральшчыцы з заробкам у 1,3 мільёна могуць не працягнуць кантракт у мясцовай ЖКГ.
Аксана ўладкавалася на працу ў мясцовую жыллёва-камунальную гаспадарку 4 гады таму. Праца не мара, але ёй трэба вучыць дачку. Паводле слоў жанчыны, першапачаткова ў яе абавязкі ўваходзіла прыборка пад’ездаў шматпавярховікаў, але ў выніку яе пачалі скіроўваць і ў калгас, і на прыборку гарадскога сметніка.
“Аказалася, што і ў калгас трэба, і на гарадскія сметнікі, таму што ЖКГ ёсць план па макулатуры, па пластыкавых бутэльках, па шклотары… Цэлы дзень на гэтым смярдзючым сметніку ў мароз трэба адкалупацца. Пыталіся ў начальніка, чаму мы павінныя, калі я, дапусцім, уладкоўвалася мыць пад’езды, а не на сметнік. Яны адказвалі, што калі не падабаецца — звальняйся”, — расказвае жанчына.
Аксана мае праблемы са здароўем. Жанчына сцвярджае, што па медыцынскіх паказчыках ёй нельга працаваць у марознае і ветранае надвор’е, ёсць і адпаведная даведка. Пазней Аксане далі нават трэцюю ступень інваліднасці, і, па словах жанчыны, кіраўніцтва вырашыла разарваць з ёй кантракт. Але высветлілася, што кантракт з Аксанай быў заключаны толькі на першы год працы, на астатнія тры гады ён не працягваўся. Жанчыне прапанавалі падпісаць паперы заднім чыслом, а пасля яе адмовы прапанавалі скласці працоўную дамову:
“Юрыст сказаў: калі не падпішаце працоўную дамову, вы звольненыя, вы працуеце без дакументаў, гэта незаконна. Аддзел кадраў сказаў: няма розніцы, што па кантракце, што па дамове — вы будзеце атрымліваць тую ж зарплату. І вось у мяне ў выніку зарплата знізілася на мільён да мільёна трохсот, мільёна чатырохсот. Я ўзяла крэдыт у банку на рамонт кватэры. Зрабіла рамонт, цяпер павінная выплаціць 39 мільёнаў, а мне трэба з гэтага мільёна трыста жыць, дачцэ дапамагаць і яшчэ крэдыт выплачваць”.
Кіраўнік Аксаны Віктар Філіпенка тлумачыць Еўрарадыё, што пакуль звальняць жанчыну ніхто не збіраецца, але да яе ёсць прэтэнзіі ў кіраўніцтва:
“Я ўжо зрабіў запыт у бальніцу, яна павінная прайсці камісію. Там жа далі рэкамендацыю, што можа працаваць бухгалтарам, кастэлянкай, гардэробшчыцай, але ў нас такой працы няма”.
Сама жанчына з прэтэнзіямі кіраўніка нязгодная, таму збіраецца падаваць скаргу ў камісію па працоўных спрэчках.
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма