У Гомелі створаць пляцоўку для сувязі гараджанаў з уладамі
Гэты фармат мусіць даць кожнаму чалавеку выказаць сваё меркаванне. Моладзевы клуб “Цывілізацыя”, утвораны “Гомельскім дэмакратычным форумам” , зоймецца правядзеннем сустрэчаў у фармаце Town Halls Meetings (“Гарадскія сходы”). Як паведамляе Еўрарадыё адзін з арганізатараў Іван Марозька, сустрэчы стануць пляцоўкай для сувязі гараджан з уладамі:
Іван Марозька: “Хочам зрабіць такую пляцоўку, каб людзі, якія лічаць, што яны не пачутыя ўладай, што ўлада не ўлічвае нейкія іх меркаванні, маглі выказацца. Будзем запрашаць прадстаўнікоў улады, каб яны маглі пачуць гэтыя меркаванні”.
Калі прадстаўнікі ўлады будуць адмаўляцца ад удзелу ў сустрэчах, арганізатары збіраюцца па выніках сходаў рыхтаваць матэрыялы і даносіць іх адрасатам.
На першай сустрэчы клуб збіраецца акрэсліць, якія тэмы і праблемы найбольш хвалююць людзей, каб ведаць, якіх экспертаў і прадстаўнікоў улады запрашаць на наступных сходах.
Фота: belarus.nemiga.info