Еўрасаюз вылучае чарговы пакет падтрымкі беларускім дэмсілам
Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Раберта Метсола ў Еўрапарламенце
Еўрасаюз вылучае чарговыя 30 мільёнаў еўра на падтрымку беларускага народа. Пра гэта на адкрыцці канферэнцыі высокага ўзроўню ў Еўрапейскім парламенце сказала еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Марта Кос. Еўрачыноўніца таксама распавяла, колькі грошай было выдзелена грамадзянскай супольнасці Беларусі пачынаючы з 2020 года.
Гэтая канферэнцыя праходзіць у рамках Дзён Беларусі ў Бруселі. Марта Кос выступіла на адкрыцці мерапрыемства. Яна расказала, на што будзе вылучаны пакет дапамогі: "Ён дапаможа падтрымаць незалежныя галасы, абараніць праваабаронцаў і аказаць дапамогу культуры і адукацыі ў выгнанні".
Паводле еўрачыноўніцы, сума падтрымкі для Беларусі з 2020 года такім чынам складзе 170 мільёнаў еўра. "Гэта канкрэтнае выказванне нашай салідарнасці. Яна дапамагла аказаць юрыдычную і медыцынскую падтрымку больш чым тром тысячам ахвяр рэпрэсій, Стыпендыі атрымалі больш за тры тысячы студэнтаў, таксама мы падтрымалі тысячы беларускіх бізнесаў у выгнанні", — пералічыла Марта Кос.
Прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Метсола таксама заявіла пра далейшую падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл: "Беларусь павінна быць часткай нашай агульнай гісторыі, і мы разам працуем над тым, каб зрабіць гэта рэальнасцю".
Лідарка беларускіх дэмсілаў Святлана Ціханоўская падзякавала еўрапейскім палітыкам за падтрымку. Яна заклікала ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі, а таксама пашырыць праграмы падтрымкі грамадзянскай супольнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.