У Гомелі за дзедаўшчыну судзяць сяржанта ўнутраных войскаў
20 чэрвеня ў судзе Савецкага раёну Гомеля пачаўся судовы працэс аб дзедаўшчыне ў вайсковай часці №5525 унутраных войскаў. Абвінавачаным па справе праходзіць 19-гадовы сяржант Уладзімір Санковіч. Як перадае Радыё "Свабода", яго вінавацяць у перавышэнні ўлады ці службовых паўнамоцтваў з ужываннем сілы.
Пацярпелымі па справе ідуць пяць салдатаў. Адзін з іх паскардзіўся доктару на гвалт з боку сяржанта, справа дайшла да кіраўніцтва вайсковай часці, пасля чаго пачалося следства.
Прадстаўнік пракуратуры Аляксей Гаўрыкаў зачытаў на судзе, як Санковіч "наўмысна, прыніжаючы годнасць", прымушаў Андрэя Баярынкава есці белы хлеб у празмернай колькасьці, ад чаго ў салдата пагоршыўся стан здароўя, забалеў жывот. Да таго ж, маладому чалавеку ўвогуле нельга было есці белы хлеб з прычыны гастрыту.
Да медыкаў Баярынкаў не звяртаўся. Тое, што ён еў белы хлеб, ведаючы пра шкоду для свайго здароўя, пацяпелы патлумачыў так: "Баяўся, што сяржанты будуць па-іншаму ставіцца да мяне".
Абвінавачаны патлумачыў, што салдат еў апошнім, таму ён спытаўся ў яго: "Ты што, не наядаешся? На, наешся!". На судзе ён дадаў: "Я вінаваты. У тым, што паставіў на стол хлеб і прапанаваў есці".
Арсень Вялько, як і іншыя пацярпелыя, атрымліваў ад сяржанта ўдары па розных частках цела, якія на вайсковым жаргоне называюцца "чапля", "конь", "акантоўка". Ён звярнуўся да лекара, якому расказаў пра збіццё. Хлопец патлумачыў, што расказаў лекару, а не камандзіру, бо баяўся кіраўніцтва і чуў, што пры скаргах на сяржантаў "можа быць несалодкая служба".
Абвінавачаны прызнаў віну, але даволі своеасабліва. Ён паведаміў, што не зведаў дзедаўшчыны пасля прызыву, а пра спосабы збіцця даведаўся з інтэрнэту. "Чаплю", "каня", "акантоўку" Санковіч лічыць не гвалтам, а своеасаблівым жартам. "А як салдаты ўспрымалі вашы дзеянні — радаваліся, смяяліся? А чаму вы па-сяброўску не прапанавалі ім зрабіць вам "чаплю"? — запытаў прадстаўнік пракуратуры Гаўрыкаў.
Абвінавачаны каяўся, прасіў прабачэння ў салдатаў. Ён заявіў, што хоча завесці сям'ю, уладкавацца на працу, "пачаць жыццё з чыстага ліста".
Суд над Санковічам працягнецца 21 чэрвеня.