У Гомельскай вобласці падвялі вынікі ўборачнай: ураджайнасць падае
Абласныя "Дажынкі" прайшлі ў гарадскім пасёлку Карма
Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур у Гомельскай вобласці сёлета выявілася ніжэйшай, чым летась — 19,6 цэнтнера на 1 гектар убранай плошчы (у 2023-м было 20,9 ц/га). Між тым 10 гадоў таму ўраджайнасць дасягала 34 ц/га, што дазваляла збіраць больш за 1,4 млн тон ураджаю, нагадвае "Флагшток". Сёлета Гомельскія сяляне да 1 верасня намалацілі ўсяго 614,4 тысяч тон.
Са сцэны абласных "Дажынак", якія прайшлі ў Карме, чыноўнікі зрабілі справаздачу, што 614,4 тысячы тон — гэта на 12,6% больш, чым летась. Але "павелічэнне намалоту было дасягнутае за кошт пашырэння сельгасугоддзяў", адзначае Гомельскі рэсурс. Чыноўнікі тлумачаць нізкі ўраджай дрэнным надвор'ем.
"Істотнае падтапленне пасяўных плошчаў, вясновыя інтэнсіўныя ападкі, ліпеньскі ўраган, які паклаў значныя плошчы паспелага коласа, двухмесячная — са жніўня па верасень уключна — засуха" — такія прычыны недабору ўраджаю агучыў на абласных "Дажынках" старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Зніжаецца і вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы зменшылася ў 18 раёнах вобласці з 21-га. У сярэднім па вобласці колькасць кароў скарацілася на 2,4%. Яшчэ больш радыкальна скарачаецца пагалоўе свіней. За апошні год іх стала на 13,4% менш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.