У Гродне асуджаная жанчына за распаўсюджванне порна
У Гродне асуджаная жанчына за распаўсюджванне порна. За захаваны фотаздымак з пікантным зместам яна атрымала 2 гады з адтэрміноўкай на 1 год. Артыкул — "захоўванне з мэтай распаўсюджвання і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем інтэрнэту" (ч. 2 арт. 343 КК). Такое рашэнне 12 студзеня прыняў суд Кастрычніцкага раёна.
Гісторыя гэтай справы такая. Жанчына ўбачыла ў сацсетцы фотаздымак з пікантным зместам (на ім хлопец і дзве дзяўчыны паказваюць занятак сэксам у акрабатычных позах), які захавала, і ён аўтаматычна апынуўся ў адкрытым альбоме. Жанчына кажа, што захоўвала фота, карыстаючыся старым тэлефонам з малым экранам, і не бачыла, што на ім бачная частка мужчынскага палавога органа. Праваахоўнікі гэты здымак заўважылі, замовілі экспертызу мінскім спецыялістам і распачалі крымінальную справу. Суд пачаўся яшчэ ў канцы 2016 года. Тым часам жанчына страціла працу, пра яе справу даведаліся ў школе, дзе вучыцца 6-гадовы сын.
Паводле рашэння суда, жанчыне нельга змяняць месца жыхарства без дазволу міліцыі. Яна абавязаная з'яўляцца ў РАУС па першым патрабаванні, знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд. Жыхарка Гродна мусіць заплаціць 690 рублёў судовых выдаткаў. Таксама ў яе канфіскавалі мабільны тэлефон, з якога яна захавала той здымак. Яго палічылі "прыладай злачынства".
Прысуд жанчына абскарджаць не збіраецца, кажа, што "не бачыць сэнсу".