У Гродне "Форд" урэзаўся ў лесвіцу Фарнага касцёла і перакуліўся
Зранку 3 сакавіка ў Гродне аўтааварыя адбылася перад прыступкамі кафедральнага сабора святога Францішка Ксаверыя — Фарнага касцёла.
Як паведамляе абласное ўпраўленне ДАІ, на вуліцы Гарнавых інспектары жазлом далі знак спыніцца "Форду". Кіроўца не зрэагаваў на сігнал даішнікаў і паспрабаваў уцячы ад іх.
Аднак на скрыжаванні вуліц Стэфана Баторыя і Карла Маркса кіроўца "Форда" не ўпісаўся ў паварот. Аўтамабіль перакуліўся, звалілася на бок кіроўцы і стукнуўся аб парэнчы касцельнай лесвіцы. Гэты ўдар пагасіў хуткасць і не даў машыне легчы коламі дагары.
Як выявілася, кіроўца ехаў пад раніцу ад дзяўчыны. Ад даішнікаў ён уцякаў, бо не меў правоў кіравання. Інспектары склалі на яго чатыры пратаколы. Аўтамабіль даставілі на штрафстаянку.