У Гродне ліквідуюць пошукава-ратавальны атрад "Анёл Паўночны Захад"
Гродзенскія валанцёры "Анёла" / фота з іх старонкі
Гродзенскі абласны суд ліквідуе пошукава-ратавальны атрад "Анёл Паўночны Захад", піша hrodna.life.
Заяву на ліквідацыю грамадскага аб'яднання падало галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суд прызначаны на 25 лістапада.
Арганізацыя зарэгістраваная ў Смаргоні і дзейнічае з 2015 года.
Аб'яднанне дапамагала дзяржаўным органам у пошуку зніклых або згубленых людзей. Валанцёры атрада распаўсюджвалі інфармацыю ў інтэрнэце, расклейвалі арыенціроўкі, выязджалі на гарадскія і лясныя пошукі. Напрыклад, валанцёры ўдзельнічалі ў пошуках зніклага хлопчыка Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы.
Агулам у Беларусі каля 150 валанцёраў, якія пастаянна выязджаюць на пошукі.
Як даведалася Еўрарадыё, гродзенскі атрад не мае дачынення да агульнабеларускага пошукава-ратавальнага атрада "Анёл". Арганізатары гродзенскага атрада ўжо нейкі час не займаюцца пошукава-ратавальнай дзейнасцю.
Грамадскія арганізацыі ў Беларусі зачыняюць з ліпеня 2021 года. За гэты час улады зачынілі некалькі соцень НДА самых розных напрамкаў — ад філатэлістычных да праваабарончых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.