У Гродне "Мерсэдэс" на пераходзе збіў санкі з гадавалай дзяўчынкай
Упраўленнем Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці пачало крымінальную справу на 30-гадовага кіроўцу. Яго падазраюць у парушэнні правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання.
Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, здарэнне адбылося 19 студзеня каля 17-й гадзіны. На вуліцы Рэпіна маці везла на санках праз дарогу па нерэгуляваным пешаходным пераходзе гадавалую дачку. У гэты момант на санкі наехаў аўтамабіль "Мэрсэдэс Бенц Атэга-1518". Дзяўчынка атрымала цяжкія траўмы і была шпіталізаваная ў лякарню.
Следчыя правялі агляд месца ДТЗ, апыталі шэраг сведак, правялі іншыя працэсуальныя дзеянні. Эксперты ацанілі траўмы дзяўчынкі як цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Падчас здарэння кіроўца быў цвярозы. Да крымінальнай адказнасці ён раней не прыцягваўся.
Следчыя просяць відавочцаў дарожна-транспартнага здарэння паведаміць па тэлефонах 8 (0152) 72-41-03 або 102.