У Гродне не адбыўся канцэрт артыстаў, якія выступалі "для нікога"
На 5 студзеня ў Гродне на плошчы Леніна быў запланаваны канцэрт Народнага хору мясцовага дзяржаўнага музычнага каледжа.
Аднак а 18-й гадзіне, калі выступ мусіў пачацца, артысты ў цэнтры горада не з'явіліся. Хаця яшчэ ўдзень у каледжы рыхтаваліся да канцэрту, пазней яго адмянілі ў сувязі з кепскім надвор'ем, піша tut.by.
Гродзнескі калектыў набыў шырокую вядомасць, калі 23 снежня правёў канцэрт на плошчы зусім без гледачоў. Як распавядала Еўрарадыё, артысты добрасумленна выступілі, не зважаючы на дождж, бо адмяніць канцэрт самі не маглі.
Гэтым разам, відаць, начальства вырашыла ўлічыць умовы надвор'я і не рызыкаваць з выступам артыстаў.