У Гродне не дазволілі пікет супраць "антыдармаедскага" дэкрэту №3

У Гродне не дазволілі пікет супраць "антыдармаедскага" дэкрэту №3

У Гродне гарадскія ўлады не дазволілі пікет супраць дэкрэта №3, вядомага як "дэкрэт аб дармаедах". Заяўку на яго падаваў актывіст Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ежы Грыгенча. Аднак чыноўнікі адмовілі на падставе таго, што на працягу году актывіст двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, перадае Радыё "Свабода".

Грыгенча разам з іншымі актывістамі меркаваў зладзіць пікет 27 чэрвеня. Па яго словах, многія гродзенцы пачалі звяртацца да іх у партыю, бо падатковая інспекцыя зноў пачала прысылаць "лісты шчасця".

Грыгенча з адмовай не згодны. "Праблема "дармаедаў" датычыць мяне асабіста, і я двойчы быў асуджаны за тое, што выходзіў на плошчу, бо дазволаў, каб выйсці і законна пра яе заявіць, нам не давалі. Атрымліваецца, што ўлады зноў штурхаюць мяне на незаконныя дзеянні", — распавёў гродзенец журналістам.

Цяпер актывіст запісаўся на прыём да старшыні гарвыканкаму, каб асабіста выказаць яму сваю нязгоду і заклікаць паважаць правы і свабоды грамадзян.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі