У Гродне затрымалі 21-гадовую п’яную бяспраўніцу-рэцыдывістку
Другі раз за два тыдні супрацоўнікі гродзенскай ДАІ затрымалі 21-гадовую дзяўчыну, якая не мела правоў кіравання аўтамабілем і да таго ж села за руль нецвярозай.
27 верасня дзяўчына вучылася кіраванню ў раёне Юбілейнага возера. Яна была за рулём машыны свайго сябра, які перасеў на сядзенне пасажыра і вучыў яе кіраваць. На вуліцы Суворава іх затрымалі. 13 кастрычніка дзяўчыну аштрафавалі на 9,9 мільёна рублёў і на 3 гады пазбавілі права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі.
Але ўсяго праз пяць дзён дзяўчына аднавіла ўрокі язды. 18 кастрычніка яна была ў бацькоў у вёсцы Новы Двор, дзе выпіла віна. Адтуль яе забраў той самы сябра. На вуліцы Урублеўскага паненка зноў папрасіла яго пакіраваць і хлопец пагадзіўся. Маладых людзей затрымалі на вуліцы Болдзіна і склалі на абодвух пратаколы. Але ж гэтым разам дзяўчыну, у якой утрыманне алкаголю ў арганізме ў чатыры разы перавысіла дапушчальныя нормы, прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Аўтамабіль канфіскуюць.
Фота з архіву