У інцыдэнтах на “Еўра-2016” пацярпела 30 чалавек
Колькасць пацярпелых у інцыдэнтах на “Еўра-2016”, справакаваных расійскімі футбольнымі фанатамі, дасягае 30 чалавек, паведамляе руская служба “Нямецкай хвалі” са спасылкай на замежныя СМІ. У сутыкненнях удзельнічалі сотні чалавек. Чатыры чалавекі цяжка параненыя, адзін з пацярпелых англічан знаходзіцца ў крытычным стане. Яшчэ трое французскіх паліцыянтаў атрымалі нязначныя раненні.
Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) правядзе дысцыплінарнае разбіральніцтва па факце беспарадкаў, якія адбыліся ў суботу, 11 чэрвеня да і пасля матчу паміж зборнымі Англіі і Расіі.
Напярэдадні матчу фанаты абедзвюх зборных зладзілі вулічныя патасоўкі ў Марселі. У выніку адной з іх пачаўся пажар у кавярні. Расійскія фанаты нападалі на паліцыю, палілі фаеры. Французскія праваахоўнікі прымянілі слезацечны газ для іх разгону.
Адразу пасля матчу, які скончыўся нічыёй 1:1, на стадыёне “Веладром” адбылася яшчэ адна патасоўка: расіяне ўварваліся на сектары трыбун з англійскімі фанатамі і напалі на іх. Апроч таго, расіяне цягам другога тайма гульні палілі на трыбунах піратэхніку. Канфлікт пасля матчу ўдалося пагасіць пасля ўмяшання сцюардаў. Сярод англійскіх заўзятараў, якіх атакавалі расійскія госці, былі дзеці.
Міністр спорту Расіі і прэзідэнт Расійскага футбольнага саюза Віталь Мутко першапачаткова заявіў, што боек на трыбунах адразу пасля матчу не было, а беспарадкі падчас гульні былі справакаваныя слабой арганізацыяй. Ён сказаў у інтэрв’ю ТАСС, што заўзятараў трэба разводзіць па сектарах стадыёна і назваў Расію “цывілізаванай краінай”. Абвінавачанні расіян у правакацыях ён назваў надуманымі.
Праўда, пасля ў расійскай спартовай прэсе з’явіліся іншыя заявы Мутко: ён чакае, што Расійскі футбольны саюз будзе аштрафаваны за паводзіны заўзятараў на трыбунах.