У інтэрнэт трапілі фатаздымкі, як маці з Бабруйска “збівае” міліцыянера
У Бабруйску працягваецца суд над маці-адзіночкай Анастасіяй Навоевай, якая напала на міліцыянера, калі той перашкаджаў ёй забіраць яе дзяцей. Дзяцей памясцілі ў прытулак, а жанчыну — у СІЗА. За напад на міліцыянера бабруйчанцы пагражае да шасці гадоў зняволення. У Бабруйску ўжо адбылося некалькі судовых паседжанняў. Але канчатковае рашэнне будзе прынята 14 кастрычніка.
У інтэрнэт трапілі фатаздымкі таго, як маці-адзіночка "збівае" міліцыянера, паведамляе сайт "Наш Дом".
Падзею сфатаграфаваў сведка па справе і фотакарэспандэнт газеты "Вячэрні Бабруйск" Уладзімір Рэпік, які вяртаўся з задання і ўбачыў сітуацыю. Пры гэтым Настасся Навоева адразу закрычала, каб яе фатаграфавалі. Па сведчанні Рэпіка, не было падобна, каб жанчына была п'янай.
Рэпік: “Навоева была падобная на чалавека, якога даводзяць да кандыцыі, а не п'янага. Бойкі не было, паху перагару не адчуў. Замест удараў па міліцыянеру — факта, на якім настойвае пацярпелы ўчастковы Віктар Тоўсцік, бачыў супраціў, які аказвала Настасся Навоева, калі яе пацягнулі за кіёск прыпынку — каб інцыдэнт не шакаваў прахожых”.
Што адбывалася да таго, як бойку ўбачыў фотакарэспандэнт, не вядома.
Рэпік кажа, што жанчына крычала і прыцягвала да сябе ўвагу, за кіёскам яна спрабавала некалькі разоў плюнуць у твар міліцыянера і пхнула таго ў грудзі. Аднак сведка зрабіў сваю выснову: “Дзяўчына не вінаватая”.