За што ў маці з заробкам да 13 мільёнаў адабралі дваіх дзяцей
Бабруйскую маці-адзіночку Настассю Навоеву могуць пазбавіць правоў на дзяцей, хоць яна не наркаманка, не алкагалічка і ўжо шмат гадоў у тры змены працуе на флагманскім заводзе “Белшына”.
Праблемы з дзецьмі ў Настассі пачаліся ў разгар чарговага эканамічнага крызісу, калі многім беларусам давялося зацягнуць паясы. З грашовымі складанасцямі сутыкнулася і Навоева. У выніку яе дзяцей змясцілі ў сацыяльны прытулак. Сама ж маці-адзіночка трапіла ў СІЗА.
Тым часам у сацыяльных сетках разышлася неправераная інфармацыя, нібыта дзяцей ужо пазнаёмілі з іх будучымі прыёмнымі бацькамі — італьянцамі.
Еўрарадыё выправілася ў Бабруйск, каб даведацца, як жыла сям’я Настассі Навоевай і ці справядліва ў яе адбіраюць дзяцей.
“Яна пакідала іх адных дома. Сама сыходзіла працаваць у начную змену”
У вялікай ступені жорсткія меры ў дачыненні да Настассі Навоевай ужылі пасля сігналаў з дзіцячага садка №27. Маці-адзіночка працавала на “Белшыне” ў тры змены, таму дачку Ульяну вадзіла ў кругласутачную групу. Выхоўваць дзяцей Настассі ніхто не дапамагаў. Блізкіх сваякоў у яе няма, сама расла ў дзіцячым доме. Выходзіць, каб даць рады самой, трэба працаваць у тры змены і пры гэтым даглядаць і забяспечваць малых Івана (7 гадоў) і Ульяну (4 гады).
“Яна пакідала дзяцей адных дома без нагляду. Сама сыходзіла ў начную змену працаваць. Суседзі гэта пацвярджалі. Хіба гэта не фактар сацыяльна небяспечнай абстаноўкі ў сям’і, калі дзяцей пакідаюць адных, прычым вялікі сабака там прысутнічаў?” — аналізуе намесніца загадчыцы дзіцячага садка Святлана Кучынская.
Таксама службовая асоба расказвае пра прэтэнзіі ад начной нянькі з садка. Аднойчы Ульяна не мела зменнай ніжняй бялізны і іншай вопраткі. Нянька напісала SMS на мабільны Навоевай, але тая вопратку на наступны дзень не прынесла.
У кабінет Кучынскай зайшла і ўсхваляваная выхавацелька Ульяны. Прадстаўляцца ды фатаграфавацца жанчына адмовілася. Але выказала меркаванне, што Навоева "неўраўнаважаны" чалавек. Але канкрэтных фактаў, каб непасрэдна ў садку здараліся нейкія канфлікты, не прыгадала.
Што тычыцца знешняга выгляду дзяцей і іх развіцця (у гэты ж садок яшчэ нядаўна хадзіў Іван), выхавацелі прэтэнзій не маюць:
“Вельмі разумныя, ласкавыя. Як і ўсё дзеці, любяць тату і маму”.
У садку паведамілі пра красавіцкі выпадак у бальніцы. Менавіта пасля гэтага інцыдэнту на Настассю распачалі крымінальную справу.
Падрапаны міліцыянер
Сёлета ўвесну малая Ульяна трапіла ў бальніцу. У сярэдзіне красавіка яе выпісвалі. Перад гэтым Навоева неаднаразова скардзілася ў сацыяльныя службы на складанае фінансавае становішча і прасіла дапамогі.
Калі Ульяну ўжо можна было забіраць з бальніцы, мама Настасся патэлефанавала туды і паведаміла, што не зможа прыехаць за дачкой. Магчыма, жанчына сапраўды не магла прыехаць, магчыма, займалася "пазёрствам", маўляў, звярніце на мяне ўвагу і дапамажыце сям’і фінансава. Канфлікт скончыўся тым, што ў справу ўключыліся сацыяльныя службы і забралі дзяўчынку. Калі Навоева пра гэта даведалася, то прыехала ў бальніцу, але забраць Ульяну ёй не далі спачатку медыкі, потым — участковы міліцыянер. Сутычка жанчыны і супрацоўніка ў пагонах скончылася крымінальнай справай. Праз пэўны час абвінавачаная пасварылася з выхавацелямі сацыяльнага прытулку, дзе знаходзіліся дзеці. Так Настассю Навоеву змясцілі ў СІЗА, адкуль яна, натуральна, змагацца за дзяцей і паляпшаць іх дабрабыт не можа.
Цікавімся ў Віктара Глуздава, намесніка пракурора Бабруйска, што такога зрабіла Навоева, каб змяшчаць яе ў СІЗА.
“Вы думаеце, што ў нас у Беларусі дазволена збіваць супрацоўнікаў міліцыі? Былі нанесеныя лёгкія цялесныя пашкоджанні (драпіны, — Еўрарадыё) на вачах у іншых грамадзян, якія нават прапаноўвалі дапамогу міліцыянеру”, — кажа намеснік пракурора.
Ролю ў змяшчэнні Навоевай у СІЗА, як паведамляе службовая асоба, адыграла і не самае ідэальнае мінулае жанчыны. Раней яна мела праблемы з законам і абвінавачвалася ў крадзяжы.
“Але ў сувязі з наяўнасцю дзяцей, што ўвесь час афішуецца, яна трапіла пад амністыю”, — згадвае Віктар Глуздаў.
Увагу на той колішняй крымінальнай гісторыі акцэнтавала і Камісія па справах непаўнагадовых (КСН), якая выносіла рашэнне аб адабранні дзяцей. Камісія выставіліа Настассі Навоевай і іншыя прэтэнзіі. Гэта “адсутнасць харчавання, адэкватнага ўзросту дзяцей” і “фінансавыя праблемы”.
“У нас маецца Дэкрэт №18, падпісаны прэзідэнтам, на падставе якога камісія па справах непаўнагадовых прыняла абгрунтаванае рашэнне аб адабранні ў дадзенай грамадзянкі непаўнагадовых. Цягам паўгода мы працуем з сям’ёй для таго, каб узнавіць абстаноўку і вярнуць дзяцей. Даход у Навоевай быў прыстойны, да таго ж, аліменты сплачвае бацька. Чаму яна загнала сябе ў такую фінансавую кабалу — незразумела”, — падкрэслівае намесніца старшыні КСН па Ленінскім раёне Бабруйска Таццяна Сатырава. Чыноўніца падкрэсліла, што маюцца ўсе шанцы, каб Іван і Ульяна вярнуліся на выхаванне да аднаго з бацькоў.
Суседзі Навоевай: “У крыўду сябе не давала! Магла за сябе пастаяць”
Фінансавая кабала, пра якую выказалася чыноўніца, гэта і запазычанасць за камунальныя паслугі. Яшчэ ў траўні яна складала больш за…13 мільёнаў рублёў. Таму электрычнасць ў кватэры адключылі.
Еўрарадыё ўдалося пабываць у аднапакаёўцы, дзе жылі Настасся, Ульяна і Іван. Цяпер у кватэры гаспадарыць толькі дэкаратыўны трусок. Яго кормяць суседзі Тамара Мікалаеўна і Анатоль Савіч. Спачатку па нітачцы спускалі ежу ды ваду на балкон, а пасля таго, як атрымалі ключы, пачалі прыходзіць і карміць труса з рук.
Затое ў аднапакаёўцы — добрая ды сучасная бытавая тэхніка, мэбля, камп’ютары. У жылым пакоі зроблены добры рамонт. Да вітальні, ваннай ды прыбіральні рукі ў гаспадыні пакуль не дайшлі.
Суседзі кажуць, што нятанная тэхніка ды шыкоўная мэбля былі набытыя ў растэрміноўку ды крэдыты. І, верагодна, з-за гэтага Настасся не плаціла за камуналку.
“Яна такая, ведаеце, іншы раз нервовая. Але на працу ходзіць заўсёды, ніколі не бачылі яе п’янай, каб яна буяніла, ці яшчэ што. Дзеці накормленыя, ідуць з крамы з пакецікам, торцікі яна часта набывала. Да дзяцей часта прыходзіў іх родны бацька, прыносіў прысмакі”, — апавядае Тамара Мікалаеўна.
Заходзім у шэсць кватэр, і нідзе не чуем пра Навоеву адкрытага негатыву. П’яніцай яе ніхто не лічыць. Адзіная прэтэнзія — некалькі разоў гучна ўключала музыку.
Разам з тым “рэзкі характар” Настассі і яе “ўменне за сябе пастаяць” суседзі лічаць добрай якасцю.
“Яшчэ яна ўвесь час займалася з дзецьмі. Хлопчык у першы клас пайшоў, добра вучыўся. Білеты ў цырк, ці яшчэ куды, хто да нас прыязджаў, яна першая заўсёды даставала”, — згадвае яшчэ адна суседка Марыя.
Усе жыхары пад’езда, з якімі пагутарыла Еўрарадыё, добра адгукаюцца пра малых Ульяну ды Івана. Ды і на фота дзеці зусім не выглядаюць нешчаслівымі ды пакінутымі на волю лёсу.
Колькі зарабляла маці-адзіночка
Сёлета ў ліпені Настассі Навоевай налічылі 1,9 мільёна, пры тым, што работніца хадзіла ў адпачынак.
Але ў чэрвені было блізу 13 мільёнаў з улікам матэрыяльнай дапамогі перад адпачынкам.
У траўні — 6,2 мільёна з улікам трох дзён бальнічнага.
У красавіку — блізу 3,7 мільёна.
У сакавіку — 9,1 мільёна з улікам 9 дзён на бальнічным.
У лютым — 4,1 мільёна з улікам 7 дзён на бальнічным.
Пры гэтым намесніца генеральнага дырэктара “Белшыны” Аксана Прыходзька запэўнівае Еўрарадыё, што затрымак па заробках на прадпрыемстве не было, іх памер таксама не змяншаўся.
“Калі чалавек працуе ў тры змены, то ён атрымлівае кампенсацыю за працу ў начны час. Добрая заработная плата ў нас — у асноўнага тэхналагічнага персаналу, які працуе менавіта ў тры змены”, — тлумачыць асаблівасці Аксана Прыходзька.
Намесніца гендырэктара інфармуе, што Настассі Навоевай неаднаразова прапаноўвалі працаваць у першую змену. Але ад прапанаваных вакансій яна адмаўлялася. Сама маці-адзіночка наракала на малы заробак у выпадку такога пераходу — блізу 2 мільёнаў рублёў.
Што тычыцца дрэннай характарыстыкі, якую “Белшына” дала па Навоевай, то прычына ў прагуле (меў месца ў 2012 годзе), спазненні і заўчасным сыходзе з працы (здарыліся ў 2014-м), тэхналагічнай памылцы, якая была дапушчаная ў 2015-м.
Калі прааналізаваць сітуацыю, робіцца зразумела, што Навоева папросту не можа выканаць умовы Камісіі па справах непаўнагадовых. То бок перайсці на першую змену і вырашыць фінансавыя праблемы папросту немагчыма. Можа, і сацыяльныя службы недапрацоўваюць?
Ці сустракаліся Ульяна і Іван з новымі італьянскімі мамай і татай?
У сацсетках выказвалася гіпотэза, што Настассю Навоеву ўпяклі ў СІЗА, бо яна перашкаджала таму, каб дзяцей аддалі прыёмным бацькам з-за мяжы. Такая версія з’явілася нібыта ў самой маці-адзіночкі, якая паспела перадаць інфармацыю знаёмым. Больш за тое, з’явілася непацверджаная інфармацыя, нібыта з Ульянай і Іванам ужо сустрэліся нейкія італьянцы — іх будучыя прыёмныя бацькі.
Каб праверыць гэтую версію, едзем у бабруйскі сацыяльны прытулак па вуліцы Спартакаўскай і просім дазволіць пагутарыць з дзецьмі. Да журналістаў Еўрарадыё выйшла адна з кіраўніц прытулку і ў зняважлівай форме адмовіла. На пытанне пра прыёмных бацькоў з замежжа жанчына ўвогуле адрэагавала пагрозамі. Такім чынам, паход у сацыяльны прытулак скончыўся нічым.
“Факт з’яўлення ў прытулку замежнікаў нічым не пацвярджаецца, супрацоўнікі гэта адмаўляюць. Да таго ж, на сёння у дзяцей няма статусу, каб узяць іх і аддаць на ўсынаўленне”, — каментуе інфармацыю пра італьянцаў намесніца старшыні КСН па Ленінскім раёне Бабруйска Таццяна Сатырава.
Дарэчы, не верыць у версію пра замежнікаў і родны бацька Ульяны і Івана — Генадзь Гарленка. Ён перыядычна наведвае дзяцей у прытулку.
“Гэта хлусня. Я ў выхавацеляў пытаўся, у Вані, бо Ульянка яшчэ маленькая. “Нехта прыходзіў, вас глядзеў? Дзядзя, цёця?” Кажуць: “Тата, ніхто не прыходзіў!” Можна я вам груба адкажу! Яна (Настасся Навоева, — Еўрарадыё) прыкрывае сваю ж…. Яна заблукала настолькі! Пакалечыла жыццё сабе, мне і дзецям!” — не хавае эмоцый Генадзь.
Розныя службовыя асобы апісваюць гэтага мужчыну па-рознаму. Аднак Еўрарадыё атрымала дакладную інфармацыю, што Гарленка з’яўляецца супрацоўнікам “Белшыны”, на ўліку ў нарколага ён не стаіць і судзімасцяў не мае.
Па словах мужчыны, у свой час Настасся сама яго выгнала. Ён запэўнівае, што хоча забраць дзяцей сабе на выхаванне, але, як ён лічыць, сутыкнуўся з супраціўленнем.
“Я плаціў аліменты на дваіх дзяцей. Ды ў сацыяльных работнікаў не такія заробкі! У свой час добраахвотна прызнаў гэтых дзяцей сваімі. У мяне ёсць жыллё. Не разумею, якія маюцца падставы пазбаўляць мяне правоў на іх! Мне дзяцей шкада, хачу іх забраць і любымі шляхамі іх адтуль выцягну!” — палымяна выказваецца бацька.
Сёння Генадзь жыве з 31-гадовай Юліяй. Жанчына ўзяла трубку і паведаміла Еўрарадыё, што гатовая ўзяць Ульяну і Івана на выхаванне. Тым больш, што маюцца магчымасці: пара жыве ў трохпакаёўцы, абодва працуюць.