Правакатар і даносчык "Яўген Какойта" прызнаны палітвязнем

Яўген Катляроў-"Какойта"

Яўген Катляроў-"Какойта" / ТРК "Гомель"

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 13 чалавек.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна", гэта Станіслаў Таспаеў, Уладзімір Парашкоў, Генадзь Горбач, Іна Пальцава, Сяргей Крывуць, Андрэй Астапенка, Андрэй Савіцкі, Артур Канапацкі, Артур Малчан, Аляксандр Акакіеў, Яўген Катляроў, Дзмітрый Суўханаў, Дзмітрый Альховік.

Большасць з іх пазбаўленыя волі па абвінавачанні ў абразе Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў, таксама ў знявазе дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў ды за іншыя формы рэалізацыі свабоды меркаванняў.

Асаблівую ўвагу звяртае на сябе Яўген Катляроў, асуджаны на 1,5 года калоніі. Яго прызналі вінаватым у дыскрэдытацыі Беларусі і абразе прадстаўніка ўлады.

Катляроў больш вядомы пад сваім псеўданімам "Яўген Какойта". Ён правакатар і даносчык, які спрабаваў укідваць дызынфармацыю ў СМІ, перыядычна яму ўдавалася даваць фэйкавыя інтэрв'ю "Белсату" і "Зеркалу". Таксама ён пісаў у 2020-м данос на журналіста Андрэя Толчына за супрацу з "Белсатам". У 2021-м Катляроў адзначыўся на судзе над праваабаронцам Леанідам Судаленкам: даваў паказанні, быццам той арганізоўваў акцыі пратэсту ў Гомелі.

У лістападзе 2023-га пасля сустрэчы з намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама Бараноўскім "Какойта" напісаў, што "змагары мелі рацыю, уладу трэба дзяўбсці і дзяўбсці". 

Яшчэ да суда над Катляровым праваабаронцы заяўлялі, што ў выпадку асуджэння прызнаюць яго палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі