У Кіева-Пячэрскай лаўры СБУ знайшла прарасійскую літаратуру і мільёны гатоўкай

Ператрус у Кіева-Пячэрскай лаўры / ssu.gov.ua
Ператрус у Кіева-Пячэрскай лаўры / ssu.gov.ua

Служба бяспекі Украіны правяла ператрусы ў Кіева-Пячэрскай Лаўры ў Кіеве, Карэцкім Свята-Траецкім манастыры і ў памяшканнях Сарненска-Палескай епархіі на Ровеншчыне. Усе яны належаць Украінскай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату.

Як паведамляе прэс-служба СБУ, супрацоўнікі Нацпаліцыі і Нацгвардыі дапамаглі праверыць больш за 350 царкоўных збудаванняў і 850 чалавек. Больш за 50 чалавек былі правераныя паглыблена, у тым ліку на паліграфе. Сярод іх былі не толькі грамадзяне Украіны, але і замежнікі, у тым ліку расіяне.

"Некаторыя з іх пры праверцы дакументаў аказалі пашпарты і ваенныя білеты СССР, наогул не мелі арыгіналаў дакументаў, а толькі іх копіі, ці мелі пашпарты грамадзян Украіны з прыкметамі падробкі або пашкоджання. Цяпер у дачыненні да іх ажыццяўляецца паглыбленая праверка", — адзначае СБУ.

Падчас ператрусаў спецслужбы выявілі таксама прарасійскую прапагандысцкую літаратуру, якая выкарыстоўваецца падчас навучання ў семінарыі і парафіяльных школах. Былі знойдзеныя грошы гатоўкай на агульную суму больш за 2 мільёны грыўняў, больш за 100 тысяч долараў і некалькі тысяч расійскіх рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі