У Кіеве агучаць зварот Цімашэнкі, яна можа прапанаваць перамовы Януковічу
Акцыі пратэсту ва ўкраінскай сталіцы і іншых гарадах працягваюцца, але яны ўжо не такія шматлюдныя, як раней.
На Майдане Незалежнасці знаходзяцца 4-5 тысяч чалавек. Яны чакаюць абвяшчэння афіцыйнага звароту Юліі Цімашэнкі ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася ва Украіне. Бліжэй да вечара яго зачытае дачка экс-прэм'ера Яўгенія.
Вось што распавядае карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі, які знаходзіцца на Майдане Незалежнасці ў Кіеве:
"Плануецца, што ў сваёй заяве Цімашэнка агучыць пра магчымасць перамоваў з Януковічам. Дакладна невядома, якія будуць умовы. Адзінае тлумачэнне было дадзенае наступным чынам: перамовы з Януковічам магчымыя толькі яго мовай, то бок мовай ультыматумаў. Весці перамовы з прэм'ерам Азаравым Цімашэнка адмаўляецца, яна не лічыць яго чалавекам, які прымае рашэнні ў дадзенай сітуацыі".
Па словах Алеся Пілецкага, людзі адчуваюць, што пакуль сітуацыя ў тупіку: улада і апазіцыя стаяць на сваім. Каб сітуацыя зрушылася, патрэбны нейкі крок і яго першай можа зрабіць Юлія Цімашэнка, якая, нагадаем, знаходзіцца за кратамі ад 2011 года. У пратэстоўцаў сёння з'явілася надзея, што нешта можа змяніцца.
Фота — AFP, Еўрарадыё