У крамах Баранавічаў знайшлі крымскую гарбату з кішачнай палачкай
flickr.com
У Баранавічах з продажу ў крамах забралі гарбату "Крымский букет" "Общеукрепляющий" і "Успокаивающий" вытворчасці севастопальскай кампаніі "Добрыня-Дар". Як паведамілі ў Брэсцкай абласной інспекцыі Дзяржстандарту, гарбата не адпавядае патрабаванням тэхрэгламентаў Мытнага саюза ТР МС 021/2011 "Аб бяспецы харчовай прадукцыі".
У крымскай гарбаце спецыялісты выявілі бактэрыі групы кішачнай палачкі, павышанае ўтрыманне цвілі і павышанае ўтрыманне дрожджаў.
Па выніках праверкі гарбата "Крымский букет" "Общеукрепляющий" і "Успокаивающий" забароненая да ўвозу і абарачэння на тэрыторыі Беларусі.
Як паведамляла Еўрарадыё, не рассыпная, а пакетаваная гарбата London Tea Club вытворчасці "Добрыня-Дар" уваходзіла ў харчовы набор, які кожны донар атрымлівае пры здачы крыві ў Гарадскім цэнтры трансфузіялогіі пры мінскай клінічнай бальніцы №6. Пастаўкі адбываліся афіцыйна — праз тэндары на сайце дзяржаўных закупак.