Крымская гарбата для мінскіх донараў: як яе ўвозяць і што кажа Мытны камітэт

Крымская гарбата для мінскіх донараў: як яе ўвозяць і што кажа Мытны камітэт

Донараў крыві ў Гарадскім цэнтры трансфузіялогіі пры мінскай клінічнай бальніцы №6 частуюць гарбатай з Крыма. Пакетаваная гарбата London Tea Club, якую вырабляюць у Севастопалі, разам з печывам, мармеладам і іншымі прадуктамі ўваходзіць у харчовы набор, які кожны донар атрымлівае пры здачы крыві. Пастаўкі адбываюцца афіцыйна — праз тэндары на сайце дзяржаўных закупак.

Еўрарадыё разбіраецца, як гарбата з акупаванага Крыма трапляе да мінскіх донараў, праз колькі пасярэднікаў яна праходзіць і што думае пра пастаўкі з Крыма Мытны камітэт.

Крымскі вытворца: Пастаўляем у Беларусь і гарбату, і каву

Пра крымскую гарбату для беларускіх донараў Еўрарадыё распавёў адзін са слухачоў. Ён даслаў у рэдакцыю фота пакецікаў з крымскім адрасам вытворцы на адваротным баку.

Крымская гарбата для мінскіх донараў: як яе ўвозяць і што кажа Мытны камітэт
Фота, якое даслаў чытач

Пад брэндам London Tea Club працуе Крымская кампанія “Добрыня-Дар”: Рэспубліка Крым, Севастопаль, вуліца Фіялентаўская шаша, 2. Прадстаўнік прадпрыемства пацвярджае Еўрарадыё факт супрацоўніцтва з беларускімі кампаніямі, але адмаўляецца распавядаць падрабязнасці:

“Мы пастаўляем у Беларусь чайную і кававую прадукцыю. З кім менавіта мы супрацоўнічаем, сказаць не можам”.

У пошуках крымскай гарбаты мы пачынаем гартаць рэпартажы з розных донарскіх станцый. І раптам знаходзім гарбату London Tea Club на фота з мінскага Гарадскога цэнтра трансфузіялогіі, зробленых раней сайтам CityDog.by.

Крымская гарбата для мінскіх донараў: як яе ўвозяць і што кажа Мытны камітэт
У Гарадскім цэнтры трансфузіялогіі

Ланцужок імпарцёраў: дасылайце рэквізіты — зробім заяўку

У “донарскі сняданак” у мінскім Гарадскім цэнтры трансфузіалогіі ўваходзяць мармелад, печыва, зефір, гематаген, цукар і гарбата. Усе прадукты, акрамя гарбаты, — беларускай вытворчасці.

Крымская гарбата для мінскіх донараў: як яе ўвозяць і што кажа Мытны камітэт
Донарскі сняданак

“Дамовы аб праведзеных працэдурах ёсць на сайце дзяржзакупак, — кажуць Еўрарадыё ў аддзеле матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння гарадской клінічнай бальніцы № 6. — Усё ў адкрытым доступе, вывучайце. З [кампаніяй] “Мінбакалеягандль” заключаная дамова на пастаўкі [гарбаты]”.

У ААТ “Мінбакалеягандаль” Еўрарадыё пацвярджаюць, што пастаўляюць гарбату ў 6-ю бальніцу, але не працуюць з кампаніяй “Добрыня-Дар” у Севастопалі.

“Мы аптовая база, перавалачная, — распавядае кіраўнік камерцыйнай службы “Мінбакалеягандаль” Нэлія Стрэльчанка. — Працуем толькі па Мінску і Мінскай вобласці. Мы закупілі ў імпарцёра і прывезлі туды [у 6-ю гарадскую клінічную бальніцу. — Еўрарадыё]. Наўпрост [з вытворцам] мы не працуем”.  

Беларускім імпарцёрам гарбаты з Крыма аказваецца ТАА “ЭкаЧайПартнёр”. Фірма займаецца пастаўкамі кавы, гарбаты і спецый больш за 15 гадоў. У “ЭкаЧайПартнёры” Еўрарадыё пацвярджаюць, што прывозяць у Беларусь гарбату з Севастопаля. “London Tea Club ёсць у наяўнасці. Дасылайце свае рэквізіты. Робім заяўку, і ўсё. У нас вялікі выбар”, — адказалі там.

Крымская гарбата для мінскіх донараў: як яе ўвозяць і што кажа Мытны камітэт

Такім чынам, на шляху з Крыма ў мінскі Гарадскі цэнтр трансфузіялогіі гарбата праходзіць праз двух пасярэднікаў: кампаніі “ЭкаЧайПартнёр” і “Мінбакалеягандаль”. Кожны пасярэднік робіць сваю нацэнку. Да таго ж перавозка ад аднаго аптавіка да іншага павышае транспартныя выдаткі.

Няўжо нельга закупляць для беларускіх донараў ніякую гарбату, акрамя крымскай? У Мінску працуе яшчэ адзін буйны пункт збору донарскай крыві: РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. Там донараў таксама частуюць “сняданкам”.

“У нашым цэнтры да данацыі донар атрымлівае цукар, гарбату, печыва. Пасля данацыі — зефір, мармелад, гематаген і мінеральную ваду. “Сняданак донара” цяпер каштуе 4 рублі 48 капеек. Печыва і зефір у нас з Маладзечна, а гарбату Kali Laska пастаўляе кампанія “У трёх озёр” з Мядзельшчыны”.

Мытны камітэт не прызнаецца, часткай якой краіны ён лічыць Крым

Афіцыйна Беларусь, як і большасць краін свету, не прызнае Крым часткай Расіі. Паўвостраў быў захоплены расіянамі пяць гадоў таму. З таго часу ўкраінскія ўлады неаднаразова папярэджвалі, што за супрацоўніцтва з крымскімі кампаніямі будуць уводзіцца эканамічныя санкцыі. Але, як раней паведамляла Еўрарадыё, у беларускіх крамах можна без праблем купіць віно “Масандра” і харчовую соду крымскай вытворчасці.

Як так атрымліваецца, што Беларусь не прызнае Крым расійскім, але імпартуе адтуль самыя розныя тавары? Каб даведацца пра аб’ёмы ўзаемнага гандлю p Крымам, Еўрарадыё даслала запыт у Дзяржаўны мытны камітэт. Нам адказалі, што “ўлік імпарту і экспарту ў разрэзе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак краін-партнёраў не прадугледжаны”.

Крымская гарбата для мінскіх донараў: як яе ўвозяць і што кажа Мытны камітэт
Адказ Мытнага камітэта

Мы ператэлефанавалі ў Мытны камітэт, каб даведацца, адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай якой краіны, Расіі ці Украіны, там лічыць Рэспубліку Крым, і да якой краіны ўсё ж адносяць імпарт адтуль. Але не змаглі атрымаць адказ, нават задаючы гэтыя пытанні  цягам пяці хвілін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі