Памятка КДБ для рэйдаў па "экстрэмістах" трапіла ў рукі журналістаў

Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў Мінску

Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў Мінску / Euroradio

Супрацоўнікі КДБ з нядаўняга часу атрымліваюць спецыяльныя памяткі, як праводзіць ператрусы ў "экстрэмістаў" — так яны называюць праціўнікаў рэжыму. Інструкцыя трапіла ў распараджэнне журналістаў сайта "Зеркало".

Дакумент называецца «Алгарытм "равядзення аператыўна-следчых мерапрыемстваў". На ім няма подпісаў ці пячатак. Напісаны ён даволі нефармальным стылем: сустракаюцца выразы накшталт "праводзім ператрус", "забіраем тэхніку". Чалавека, у якога адбываецца ператрус, называюць "фігурантам" ці "асобай", а ўсю працэдуру — "адпрацоўкай асобы". Каментуючы гэты дакумент, прадстаўнік ініцыятывы BELPOL заявіў, што яна вельмі падобная да праўды. "Але гэта інструкцыя не агульная, а па канкрэтным матэрыяле", — дадаў ён.

У дакуменце ёсць прозвішчы і кантакты супрацоўнікаў КДБ, а таксама некаторыя дэталі канкрэтнай справы. Але частка указанняў мае даволі агульны характар і можа ўжывацца і да іншых "экстрэмістаў".

Алгарытм дзеянняў выглядае так. Спярша — ператрус «па месцы жыхарства». Ці задзейнічацьпры гэтым "сілавую падтрымку байцоў АМАП", вырашае старэйшы ў аператыўнай групе. Пры супраціве чалавека, сілавікі могуць адразу адправіць яго пад адміністрацыйны арышт з дапамогай міліцыі.

Дома ў "фігуранта" шукаюць прадметы, якія ўказваюць "на датычнасць асобы да дэструктыўнай дзейнасці". Гэта могуць быць нататнікі з запісамі пра палітычныя падзеі ў краіне, фота і відэа з акцый пратэсту, "БЧБ-атрыбутыка, а таксама "кантакты з прыхільнікамі перамен, што выехалі з краіны". Калі нешта знойдуць у тэхніцы, яе забіраюць і аглядаюць паводле афіцыйнай працэдуры з пратаколам.

Допыт могуць правесці як у КДБ, так і на месцы. Пасля яго бяруць падпіску пра неразгалошванне. "У выпадку пацвярджання датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці" чалавека затрымліваюць. Але гэтае рашэнне трэба ўзгадніць з канкрэтным супрацоўнікам КДБ, чыё прозвішча пазначана ў інструкцыі.

Справаздачу "па выніках адпрацоўкі асобы" трэба даслаць супрацоўніку КДБ на службовую электронную пошту, а "выкананыя матэрыялы" па справе — пераслаць у Мінск з суправаджальным лістом. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі