Фразу пра "рускі ваенны карабель" не зарэгістравалі ў ЕС як гандлёвую марку
Паштовая марка з рускім ваенным караблём
Фразу "Рускі ваенны карабель, ідзі..." не могуць зарэгістраваць у Еўрасаюзе як гандлёвую марку. Такое рашэнне прыняў Суд ЕС першай інстанцыі ў Люксембургу, дзе разглядаўся пазоў памежнай службы Украіны да патэнтнага ведамства EUIPO, перадае DW.
Патэнтнае ведамства спасылалася на тое, што гэта палітычны лозунг, які не мае прыкметаў унікальнасці, якія дазволілі б вызначыць паходжанне тавару ці паслугі. Памежная служба Украіны не пагадзілася з такім тлумачэннем і падала ў суд ЕС першай інстанцыі, але той стаў на бок EUIPO.
Фраза прагучала на самым пачатку расійскай шырокамаштабнай агрэсіі супраць Украіны і адразу стала крылатай. Так украінскія памежнікі з выспы Змяіны адказалі на прапанову здацца, якую ім агучылі з расійскага крэйсера "Масква". Пазней карабель быў патоплены.
Выпускаліся футболкі, паштовыя маркі ды іншыя сувеніры з гэтай фразай.
Адзін з украінскіх памежнікаў зарэгістраваў "Рускі ваенны карабель, ідзі..." як графічны таварны знак з тэкстам па-руску і па-англійску для розных тавараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.