Закончанае расследаванне справы пра атаку дрона на базу АМАПа ў Мінску

Віталь Пацехін і Павел Кулажанка

Віталь Пацехін і Павел Кулажанка / СК

Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы пра атаку дрона на базу АМАпа ў ноч з 24 на 25 верасня 2021 года. Расследаванне адбывалася ў парадку спецвытворчасці — так у Беларусі расследуюць крымінальныя справы супраць беларусаў, якія пакінулі краіну.

Па справе праходзяць Павел Кулажанка і Віталь Пацехін. На іх маёмасць агульным коштам каля 240 тысяч рублёў следчыя наклалі арышт.

Кулажанка — былы баец АМАПа, які цяпер ваюе як добраахвотнік ва Украіне. Пацехін — былы вайсковец. Менавіта яго лукашэнкаўская прапаганда называла выканаўцам атакі на базу АМАПа. Абодва маюць дачыненне да ініцыятывы "Супраціў", якую рэжым Лукашэнкі прызнаў тэрарыстычнай.

Як заяўляе следства Пацехін "пры садзейнічанні недасведчаных кантрабандыстаў" атрымаў з Украіны дрон вялікай грузападымальнасці і некалькі месяцаў рыхтаваўся да нападу.

"У начны час на тэрыторыі свайго ўчастка ў Мінскім раёне абвінавачаны эксперыментаваў са складам запальнай сумесі і трэніраваўся кіраваць беспілотнікам. Каб павысіць шанцы на поспех, ён мадэрнізаваў лятальны апарат, усталяваўшы прыстасаванне скіду грузу і відэакамеру. Да дня выканання тэракту Пацехін усё старанна спланаваў і ў ноч з 24 на 25 верасня рэалізаваў задуманае. /.../ З дапамогай беспілотніка абвінавачаны скінуў дзве пяцілітровыя бутэлькі з запальнай сумессю на базу АМАП", — гаворыцца ў паведамленні СК.

Пасля гэтага ён схаваў дрон і пакінуў Беларусь. Аператыўнікі, аднак, знайшлі пазней беспілотнік.

Падчас расследаванні сілавікі правялі допыты, ператрусы, агляды месцаў здарэння, камп'ютарнай тэхнікі і вывучылі інфармацыю ў інтэрнэце.

Кулажанку і Пацехіну выставілі абвінавачанні па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса, у іх ліку — акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай, стварэнне і кіраванне тэраррыстычнай арганізацыяй, змова з мэтай захопу ўлады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі