Пінскага журналіста, які вярнуўся ў Беларусь, асудзілі на 1,5 года калоніі
Яўген Нікалаевіч
Пінскага журналіста Яўгена Нікалаевіча асудзілі на паўтара года калоніі агульнага рэжыму.
Яго абвінавацілі паводле "народнага" 342-га артыкула КК (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Прысуд быў вынесены на пачатку кастрычніка, але вядома пра яго стала толькі цяпер, піша "Медыя-Палессе".
У 2020 годзе Нікалаевіч як відэакарэспандэнт "Медыя-Палесся" асвятляў масавыя пратэсты ў Пінску. Сам журналіст у пратэстах не ўдзельнічаў, а толькі рабіў фота– і відэаздымкі ў адпаведнасці з рэдакцыйным заданнем. 10 жніўня таго года Нікалаевіча пры выкананні службовых абавязкаў затрымалі і збілі. Спярша журналіста адправілі ў СІЗА, потым перавялі ў папраўчую калонію ў Івацэвічах. Калі яго вызвалілі, журналіст працягнуў сваю прафесійную дзейнасць.
Другі раз Нікалаевіча затрымалі 30 жніўня на адлегласці ад акцыі пратэсту. Ён нават не паспеў дастаць тэхніку. Журналісту прысудзілі адміністрацыйны арышт, але ён апратэставаў прысуд і застаўся на волі. У лістападзе 2020-га Нікалаевіча зноў выклікалі ў міліцыю і пасля размовы са следчым затрымалі для адбыцця прызначанага раней адміністрацыйнага арышту.
Пасля гэтага Нікалаевіч пакінуў Беларусь. За мяжой ён працаваў у сферы, не звязанай з журналістыкай. На пачатку 2024-га вырашыў вярнуцца дадому, але быў затрыманы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.