У Латвіі заклікаюць байкатаваць гандлёвую сетку Maxima
Кампанія супраць гандлёвай сеткі Maxima пачалася ў балтыйскім сегменце сацыяльных сетак.
Прычына — трагедыя ў рыжскай Залітудзе, дзе пасля абвалу даху гандлёвага цэнтра пад абломкамі загінулі 54 чалавекі. Уладальнікі гандлёвай сеткі сваёй віны ў трагедыі не прызнаюць. Кіраўнік літоўскай холдынгавай кампаніі Vilniaus prekyba, якой належыць група кампаній Maxima, Ёланта Бівайніце ўпэўненая, што супрацоўнікі крамы ў Залітудзе дзейнічалі, зыходзячы з найлепшых меркаванняў.
Як перадае Радыё "Свабода", сваё абурэнне заявамі кіраўніцтва Maxima выказалі латвійскія палітыкі і вядомыя ў грамадстве людзі, у тым ліку міністр замежных спраў Эдгар Рынкевіч, міністр эканомікі Даніэль Паўлютс, міністар дабрабыту Ілзэ Вінькеле, дэпутаты сейма, праваабаронцы, журналісты. Многія з іх абвясцілі, што не будуць рабіць пакупкі ў крамах сеткі Maxima і заклікалі да байкоту гэтага прадпрыемства.
Эдгар Рынкевіч паведаміў, што па дыпламатычных каналах звязаўся з МЗС Літвы і перадаў інфармацыю аб дзеяннях Maxima ў Латвіі.
Дарэчы, да сеткі Maxima належыць і віленскі гандлёвы цэнтр "Акропаліс", які карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод беларускіх пакупнікоў.
Фота — AFP