У Лідзе ўшанавалі памяць Канстанціна Астрожскага (фота)
Адбылося ўрачыстае асвячэнне падзячнага медальёна, прымацаванага на сцяне царквы Георгія Пераможцы.
Малебен правёў праваслаўны святар, які таксама распавёў прысутным пра заслугі найвышэйшага гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага перад Бацькаўшчынай і праваслаўнай царквой.
Радыё Свабода нагадвае, што ўрачыстае адкрыццё мусіла адбыцца ў нядзелю, напярэдадні 500-х угодкаў бітвы пад Оршай. Аднак улады не дазволілі. Атрымалася непаразуменне: медальён назвалі ганаровай шыльдай, а для гэтага, маўляў, існуюць іншыя бюракратычныя дазволы. Але ўсё своечасова высветлілася, і з дабраслаўлення япіскапа Навагрудскага Гурыя падзячны медальён нарэшце асвяцілі.
Нагадаем, Аршанская бітва адбылася 8 верасня 1514 года. Тады 30-тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам Астрожскім разбіла 80-тысячнае войска Масковіі. Гэта адна з самых слаўных бітваў у гісторыі Беларусі. Яе 500-я ўгодкі святкаваліся ў Беларусі неафіцыйна.
Фота — Радыё Свабода