У Літве адхілілі з пасады кіраўніка Цэнтра выдачы асабістых дакументаў

Праект "пашпарта Новай Беларусі"

Праект "пашпарта Новай Беларусі" / t.me/tsikhanouskaya

З пасады адхілены Нерыюс Рудайціс, які ўзначальваў Цэнтр выдачы асабістых дакументаў Літвы (ADIC). Гэта адбылося пасля публікацыі Беларускага расследвальніцкага цэнтра пра магчымыя сувязі кампаніі Garsų pasaulis з рэжымам Лукашэнкі, паведамляе БРЦ.

Менавіта гэтая фірма стала партнёрам вырабу "пашпарта Новай Беларусі". Расследвальнікі выявілі, што літоўская кампанія Garsų pasaulis, якая друкавала бланкі дакументаў для грамадзян Літвы і мелася друкаваць "пашпарты Новай Беларусі", звязаная з фірмай GP Holographics і беларускім бізнесоўцам Віктарам Шаўцовым, набліжаным да Лукашэнкі.

Паведамляецца, што раней Garsų pasaulis фігуравала ў карупцыйных скандалах у Кыргызстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Малдове. Цяпер яе праверкай займаюцца адначасова Служба па расследаванні фінансавых злачынстваў і Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы.

Па выніках праверкі літоўскае МУС можа скасаваць кантракт з Garsų pasaulis. Дарэчы, з 2014 года менавіта гэтая кампанія выйграла ўсе тры тэндары на выраб бланкаў пашпартоў у Літве. Апошні тэндар адбыўся ў 2022 годзе на суму больш за 30 мільёнаў еўра. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі