У Лоеве на дваіх журналістаў-фрылансераў склалі 6 адміністратыўных пратаколаў
Гомельскі журналіст-фрылансер Канстанцін Жукоўскі і яго калега Аляксей Атрошчанка атрымалі поштай шэсць адміністратыўных пратаколаў, складзеных у Лоеўскім РАУС. Пры гэтым на Атрошчанку склалі два пратаколы, а на Жукоўскага — чатыры.
Пералік абвінавачанняў стандартны: непадпарадкаванне і абраза супрацоўнікаў міліцыі і дробнае хуліганства. Цяпер гэтыя пратаколы перадалі на разгляд у суд Лоеўскага раёна. Як паведаміў БелаПАН Жукоўскі, усе дакументы дадаваныя 28 чэрвеня, а позвы ў суд пазначаныя ранейшай датай — 27 чэрвеня. Самі пратаколы журналісты атрымалі 30 чэрвеня. Гэтыя акалічнасці яны апісалі ў скарзе на імя начальніка Лоеўскага РАУС і адзначылі, што складанне пратаколаў у адсутнасці саміх абвінавачаных з’яўляецца істотным парушэннем адміністратыўнага працэсу, якое павінна пацягнуць за сабой адмену саміх пратаколаў.
Інцыдэнт з затрыманнем карэспандэнтаў-фрылансераў адбыўся 21 чэрвеня ў Лоеве — яны здымалі там сюжэт аб цяжкім эканамічным становішчы цаглянага завода. Само затрыманне адбылося ў грубай форме: апаратуру выхапілі з рук, а Жукоўскага пры гэтым павалілі на падлогу, надзелі на яго кайданкі і станавіліся нагой на галаву.