У Магілёве можа з'явіцца помнік Цішку Гартнаму
Чальцы гарадской тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме падтрымалі ідэю ўсталяваць помнік дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу, пісьменніку, паэту і перакладчыку Цішку Гартнаму.
Ініцыятыва ўвекавечання імя выдатнага дзеяча, які скончыў свой жыццёвы шлях у Магілёве, выступіў першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Барысаў.
Цяпер трэба вызначыць месца пад помнік і падаць эскіз помніка ў Магілёўскі гарвыканкам. У бліжэйшы час Барысаў плануе стварыць аргкамітэт па ўсталяванні помніка Цішку Гартнаму. У аргкамітэт увойдуць вядомыя магілёўскія гісторыкі, мастакі і грамадскія актывісты. Пасля гэтага пачнецца збор сродкаў.
дарэчы, дзякуючы ініцыятыве сацыял-дэмакратаў у 2010 годзе ў Магілёве з’явіліся вуліцы Цішкі Гартнага, братоў Гарэцкіх і Аркадзя Смоліча. Усе яны знаходзяцца ў новым мікрараёне “Казіміраўка”.
Цішка Гартны (сапраўднае імя Зміцер Жылуновіч) быў старшынёй часовага ўрада Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь з 1 студзеня па 3 лютага 1919 года. У 1930-я гады яго выключылі з камуністычнай партыі, арыштавалі і змясцілі ў псіхіятрычную лякарню. Там ён 11 красавіка 1937 года скончыў жыццё самагубствам.