У Магілёве вынеслі прысуды за апаганьванне памятнага знака ахвярам Халакоста
У Магілёве Ленінскі раённы суд вынес прысуды за апаганьванне памятнага знака ахвярам Халакоста. 19-гадовага Леаніда Карпечанку асудзілі на два з паловай гады, а 18-гадовага Аляксея Мітрафанава — на паўтара года турмы. Іх прызналі вінаватымі ў злосным хуліганстве (Карпечанку таксама пакаралі за ўцягванне непаўналетніх у злачынную дзейнасць). Яшчэ аднаму саўдзельніку злачынства, непаўналетняму Станіславу Панамарэнку далі паўтара года з адтэрміноўкай на два гады. Яго вызвалілі з-пад варты, інфармуе Радыё Свабода.
На судзе хлопцы прызналіся, што выракліся прыхільнасці да ідэяў нацыянал-сацыялізму. Заявілі, што гэтых поглядаў трымаліся памылкова. Асуджаныя павінны кампенсаваць страты, нанесеныя яўрэйскай грамадзе гораду, у памеры 500 рублёў. Гэтыя сродкі пойдуць на рэстаўрацыю памятнага знаку, які ў лістападзе 2016-га аблілі чорнай фарбай.