У Магілёве загінуў інспектар ДАІ
Некалькі дзён таму ў ДТЗ у Магілёве загінуў 27-гадовы матацыкліст
У Магілёве загінуў інспектар спецыяльнага ўзвода батальёна ДПС абласнога ДАІ Мікіта Ісачкоў. Пра гэта распавядае ведамасная газета міліцыі "На страже". Як менавіта загінуў міліцыянт, выданне не ўдакладняе. У матэрыяле гаворыцца толькі, што гэта была трагічная смерць.
"Люстэрка" выказала здагадку, што гаворка ідзе пра гібель у выніку ДТЗ, якое адбылося 7 верасня. У той дзень у Магілёве сутыкнуліся мікрааўтобус і матацыкл. 27-гадовы матацыкліст загінуў. Пасля аварыі ў мясцовым пабліку "ДТЗ і НЗ Магілёў" у каментарах пад навіной адзін з карыстальнікаў з нікам Аляксандр Ісачкоў напісаў, што ў ДТЗ загінуў яго сын. Імя па бацьку загінулага інспектара было Аляксандравіч.
Па факце ДТЗ была распачатая крымінальная справа. Вінаватым у аварыі, мяркуючы з усяго, быў кіроўца аўтамабіля Ford, які "паварочваючы налева, не даў перавагу матацыклу Yamaha". Кіроўца мікрааўтобуса ўцёк з месца аварыі. Аднак мужчыну хутка знайшлі. "На момант затрымання ён быў п'яны. Следчаму фігурант растлумачыў, што ўжываў спіртное ўжо пасля ДТЗ. Гэтая версія будзе старанна праверана падчас папярэдняга следства", — распавядалі пазней у Следчым камітэце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.