У МАРГ пералічылі, што можна ўвозіць у Беларусь па "шэрых схемах"
Грузавыя цягнікі, ілюстрацыйнае фота
Стаў вядомы пералік тавараў, якія можна ўвозіць у Беларусь як "паралельны імпарт з недружалюбных краін". Спіс увозу па "шэрых схемах" зацвердзіла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і апублікавала на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У спіс уключылі прадукцыю, якая "з'яўляецца істотна важнай для ўнутранага рынку". Гэты пералік будзе дзейнічаць да канца 2025 года. У яго ўвайшлі, напрыклад, алкаголь, нафта, сродкі для догляду за валасамі, бытавая хімія, адзенне, абутак, дываны, металічныя вырабы, электроніка, запчасткі для транспарту, медабсталяванне, розныя пластмасавыя і драўляныя вырабы. Таксама дазволена ўвозіць паводле "шэрых схемаў" кнігі і газеты, валізкі, сумкі, заплечнікі.
Паралельны імпарт — гэта мяккая назва для кантрафактнага ўвозу прадукцыі без згоды праваўладальніка, калі арыгінальны вытворца спыніў пастаўкі ў Беларусь.
У Беларусі "паралельны імпарт" і пірацкае выкарыстанне кантэнту былі ўзаконеныя ў 2023 годзе ў адказ на заходнія санкцыі. Рэжым Лукашэнкі неабходнасцю павысіць унутраную ўстойлівасць эканомікі і прадухіліць ці зменшыць "крытычны недахоп на ўнутраным рынку харчовых і іншых тавараў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.