У Маскве хочуць прадаваць за рублі і іншыя тавары: зерне, нафту і лес
Прадаваць "недружалюбным краінам" зерне Расія таксама хоча за рублі / ТАСС
Спікер расійскай Дзярждумы Вячаслаў Валодзін прапанаваў пашырыць спіс расійскіх тавараў, якія можна прадаваць на экспарт за рублі. Ён прапануе перавесці ў рублі разлікі за ўгнаенні, зерне, алей, нафту, вугаль, металы і лес.
Валодзін перакананы, што ў еўрапейскіх дзяржаў ёсць усе магчымасці знайсці рублі і разлічыцца імі за пастаўлены тавар.
"У еўрапейскіх дзяржаў ёсць усе рынкавыя магчымасці разлічвацца ў рублях. Ніякай трагедыі ў гэтым няма. Значна страшней сітуацыя, калі грошы ёсць, а тавару няма. <...> Калі хочаце атрымліваць газ — шукайце рублі", — напісаў ён у сваім Telegram-канале ў сераду.
Нагадаем, 23 сакавіка прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін даручыў перавесці ў рублі разлікі за расійскі газ, які прадаецца ў недружалюбныя краіны (у спісе 48 дзяржаў). А ўчора Пуцін удакладніў, што гэта павінна быць зроблена да 31 сакавіка.
Улады еўрапейскіх краін выказаліся супраць гэтай ініцыятывы, спаслаўшыся на ўмовы кантрактаў. У прыватнасці, канцлер ФРГ Олаф Шольц заявіў, што "кантракты, пра якія нам вядома, усё галоўным чынам заснаваныя на еўра. І кампаніі будуць плаціць у адпаведнасці з кантрактамі".
Нагадаем, Еўрасаюз і ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць Расіі з-за яе агрэсіі ў дачыненні да Украіны. Адно з абмежаванняў — гэта забарона на пастаўку еўра і долараў у Расію. Патрабаванне Пуціна перавесці разлікі за энерганосьбіты ў расійскія рублі дало б Маскве зноў магчымасць атрымаць валюту і ўмацавала б рубель.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.