У Маскве заявілі, што ў газавай спрэчцы з Беларуссю займаюць паслядоўную пазіцыю
Масква займае паслядоўную пазіцыю па газавым пытанні з Мінскам. Пра гэта 7 сакавіка заявіў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, адказваючы на пытанне пра газавую спрэчку. Паводле яго слоў, на працоўным узроўні гэтую пазіцыю даводзяць да беларускіх калег, інфармуе РІА "Новости".
Пяскоў нагадаў, што нядаўна Уладзімір Пуцін заявіў пра важнасць добрых узаемаадносін з Беларуссю. "Мы вельмі шануем гэтыя адносіны, і найлепшым пацвярджэннем гэтага з'яўляецца аб'ём прамой і ўскоснай дапамогі, якую аказвае Расійская Федэрацыя нашай брацкай Беларусі", — сказаў прэс-сакратар.
У Беларусі лічаць, што цана на расійскі газ для нашай краіны несправядлівая. Таму летась у аднабаковым парадку сталі недаплачваць за пастаўкі ў спадзяванні, што Масква пойдзе на саступкі. Аднак расійскі бок на саступкі не пайшоў, больш таго, былі скарочаны пастаўкі нафты ў нашу краіну. Сума доўга Беларусі за пастаўлены расійскі газ складае ўжо амаль 600 мільёнаў долараў.