У Мазыры на медыка пачалі справу за фіктыўныя прышчэпкі супраць кавіду

Шпрыц, ілюстрацыйнае фота

Шпрыц, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У Мазыры на медработніцу пачалі крымінальную справу за падзеі кавідных часоў, паведамляе тэлеканал "Мазыр".

У 2021 годзе падчас кампаніі па вакцынацыі ад каранавіруса некаторыя прадпрыемствы плацілі сваім супрацоўнікам прэмію, каб матываваць іх зрабіць прышчэпкі. Адна з медработніц, як гаворыцца ў сюжэце, выдавала людзям фальшывыя даведкі, быццам яны прайшлі вакцынацыю. Мазырчукі, якія не зрабілі сабе прышчэпкі з той ці іншай прычыны, адносілі на працу фальшывыя даведкі і атрымлівалі за гэта грошы.

Паведамляецца, што ўжо выяўлена некалькі дзясяткаў такіх выпадкаў.

На жанчыну пачалі крымінальную справу за падробку дакументаў (ч. 2 арт. 380 КК). Ёй пагражае ад штрафу да трох гадоў пазбаўлення волі.

Гэта не першы выпадак крымінальных спраў, звязаных з вакцынацыяй ад кавіду. Нядаўна справу пачалі на медыка з Віцебска, якая знішчыла больш за 4,5 тысячы доз прышчэпкі на суму больш за 52,5 тысячы рублёў. Жанчыну вінавацяць у наўмысным знішчэнні дзяржаўнай маёмасці ў асабліва буйным памеры.

Перад тым пад суд трапілі гомельскія медыкі, якія знішчылі 92 тысячы доз вакцыны ад кавіду і грыпу. Шкоду ацанілі ў 2,7 мільёна рублёў. Ім прысудзілі па 4 і 5 гадоў "хатняй хіміі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі