У метро пажылы пасажыр ударыў хлопца электрашокерам за налепку з "Пагоняй"
Канфлікт паміж двума пасажырамі ў мінскім метро трапіў на відэа: адзін ужыў супраць другога электрашокер.
Зранку 20 лістапада хлопец наклеіў у вагоне налепку з гербам "Пагоня". Гэта не спадабалася іншаму пасажыру — пажылому мужчыну.
"Пажылы мужчына ўстаў, выхапіў у яго налепку і паклаў у сумку. Хлопец наклеіў зноў — ужо вышэй. Пажылы пасажыр зноў устаў і спрабаваў зняць налепку, але не атрымалася. Пачаў злавацца і патрабаваць у хлопца, каб той зняў сам — ён адмовіўся. Пасля гэтага мужчына выкарыстаў электрашокер", — распавядае парталу TUT.by відавочца.
На станцыі "Купалаўскай" хлопец выскачыў з вагона, а пажылы пабег за ім і крычаў, каб таго затрымалі. Людзі на пероне не ведалі, што здарылася, таму адзін мужчына дапамог затрымаць хлопца. Маладога чалавека перадалі ахове метро.
Відавочцы кажуць, што хлопец не быў агрэсіўным, хутчэй спалоханым.
У мінскім метрапалітэне журналістам пацвердзілі, што канфлікт на станцыі "Купалаўскай" узнік у 10:12 раніцы. Пажылы чалавек прывёў да службы бяспекі юнака.
"Заявіў, што той паводзіў сябе па-хамску, неадэкватна. Маладога чалавека правялі ў асобнае памяшканне, а пажылы не стаў чакаць разбору і проста сышоў. Нашы супрацоўнікі пагаварылі з хлопцам, ён сваіх даных не хаваў, да пажылога чалавека ў яго не было прэтэнзій", — кажуць у метро.
Паколькі канфлікт быў вырашаны на месцы, да міліцыянтаў супрацоўнікі метрапалітэна не звярталіся.
Дарэчы, герб "Пагоня" ўнеены ў Дзяржаўны спіс гсіторыка культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.