У Мінабароны перададуць спіс жадаючых назіраць за вучэннямі “Захад-2017”

У Мінабароны перададуць спіс жадаючых назіраць за вучэннямі “Захад-2017”

У Міністэрства абароны Беларусі 16 жніўня будзе перададзены спіс з прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія выказалі жаданне назіраць за ходам вайсковых вучэннямі “Захад-2017”. Пра гэта Еўрардыё паведаміў адзін з ініцыятараў такога назірання, лідар “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў.

Дзмітрыеў: “Я буду 16 жніўня падаваць спіс у Мінабароны. Але ўжо з афіцыйнай прапановай ад “Гавары праўду” сфармаваць такую грамадскую камісію. У спісе ўжо 7 чалавек — пераважна былыя вайскоўцы даволі высокіх званняў. Галоўная мэта: перадаць грамадству, што адбываецца падчас гэтых вучэнняў, каб пазбавіцца ад любых домыслаў і інсінуацый. І гэта будзе добры крок у бок супрацоўніцтва паміж Міністэрствам абароны, якое з’яўляецца адным з самых закрытых ведамстваў, і грамадзянскай супольнасцю”.

Стварыць камісію з прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і палітыкаў за назіраннем за вучэннямі Андрэй Дзмітрыеў прапанаваў Мінабароны ў перапісцы ў сацсетках. Атрымаў адказ, каб збіраў групу і звяртаўся ў прэс-службу міністэрства.

Паводле слоў палітыка, калі такая камісія з’явіцца, то не важна, што ваенныя дазволяць назіраць, а што не. Галоўнае, што такое рашэнне стане “вельмі важным палітычным крокам”.

Цікава, што следам за адказам з прапановай “арганізоўвацца і звяртацца ў прэс-службу”, у Твітары Мінабароны з’яўляецца допіс з прабачэннем: “Паважаны Андрэй Дзмітрыеў! Інфармацыя для іншага карыстальніка памылкова была накіраваная вам”.

Нагадаем, беларуска-расійскія ваенныя вучэнні “Захад-2017” пройдуць у Беларусі з 14 па 20 верасня. Удзел у іх возьме 12700 ваеннаслужачых, у тым ліку ― 3 тысячы з Расіі. Паведамляецца, што 15 жніўня ў нашу краіну ўжо пачалі прыбываць расійскія дэсантнікі.

Фота з Фэйсбука Андрэя Дзмітрыева

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі