У Мінгарвыканкаме лічаць, што аварыі ў сферы ЖКГ зімой — гэта нармальна
Аварыя на цепламагістрале ў раёне скрыжавання вуліц Ясеніна і Рафіева / @belenergo
Нармальнай лічыць сітуацыю ў ЖКГ Мінска, дзе ўжо не першы раз гэтай зімой здараюцца сур'ёзныя аварыі, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч, сцвярджае агенцтва БЕЛТА.
Напярэдадні без цяпла і гарачай вады з-за пашкоджання цепламагістралі на скрыжаванні вуліц Ясеніна і Рафіева засталіся шэраг мікрараёнаў у Маскоўскім раёне Мінска. З-за адсутнасці цяпла на пятніцу вырашылі закрыць школы і дзіцячыя сады. Заняткі ў школах перанеслі на суботу, а ў дзіцячых садках — у выпадку немагчымасці пакінуць дзяцей дома — папрасілі бацькоў апранаць малых цяплей. Там паабяцалі арганізаваць дзяжурныя групы з гарачым харчаваннем. Цяпло ў дамы абяцаюць вярнуць да вечара.
Па словах намесніка старшыні Мінгарвыканкама Дараховіча, для буйнога мегаполіса ўзнікненне такіх аварый гэта нармальна. Па яго ацэнцы, за апошнія пяць гадоў гарадскім уладам удалося мінімізаваць ўзнікненне такіх няштатных сітуацый.
Пры гэтым з гэтых сітуацый ён зрабіў нечаканую выснову: галоўная праблема — у недастатковым інфармаванні насельніцтва.
"Што мы бачым? Першае — няма інфармавання. Калі "Мінскводаканал" у мінулым годзе першым пачаў даваць інфармацыю аб аварыях ў сеткі, стаўленне да гэтага насельніцтва і СМІ стала зусім іншым. Таму трэба адладзіць працу па інфармаванні", сказаў Дараховіч.
Па яго словах, парывы ў цепласетках, якія мели месца ў апошнія дні ў Партызанскім і Маскоўскім раёнах, адбыліся з-за рэзкага перападу тэмператур. У прамерзлай зямлі сеткі не вытрымлівалі. У гэтай сувязі ён даручыў "пераправерыць усе слабыя месцы".
Мінулай восенню ацяпленне і вада знікала ў мікраараёне Новая Баравая пад Мінскам. Без вады жыхары мікрараёна правялі некалькі сутак. А затым з-за аварыі ў мясцовай кацельні знікла і цяпло.
Акрамя таго, напярэдадні без ацяплення засталіся і жыхары шэрагу мікрараёнаў Оршы. Таксама здарылася аварыя на цепламагістрале. Аднак раніцай у пятніцу людзям аднавілі падачу цяпла ў кватэры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.