У Мінск не прыедуць 3 з 18 заяўленых зорак Metal All Stars
Беларускія арганізатары кажуць, што іх “кінулі”, але адмяняць канцэрт не будуць, нягледзячы, што фанаты Megadeth, Pantera і Venom здаюць квіткі.
Амбіцыйная сходка сусветнавядомых металістаў Metal All Stars некалькі дзён вісела пад пагрозай зрыву. Стала вядома пра няўдзел у шоў трох заяўленых музыкаў: Філа Ансельмы (Pantera), Ніка Мензы (Megadeth) і Кронаса (Venom). У той час, калі такі ж самы канцэрт у Турцыі, запланаваны на 29 сакавіка, адмянілі, беларускія прамоўтары вырашылі “правесці шоў пры любых абставінах”.
“Мы проста вырашылі не падводзіць нашых фанатаў, – кажа Еўрарадыё Павел Багдановіч з беларускага агенцтва "Концерт Холл Груп". – Зразумела, Філ быў хэдлайнерам нашага шоў, але засталіся яшчэ і Зэк Уайлд (Black Label Society), Джой Беладонна (Anthrax), і Вінс Ніл (Motley Crue), на якіх людзі вельмі хочуць схадзіць”.
Беларускія арганізатары заўважна засмучаныя такім развіццём падзеяў. Па іх словах, замежныя калегі з Gabe Reed Productions, якія ўласна і прыдумалі гэтае шоў, папросту іх “кінулі”.
“Кідалава заключаецца ў тым, што нам не падалі ніякай інфармацыі, а проста за некалькі дзён да канцэрта паставілі перад фактам, што Філа Ансельмы і Ніка Мензы не будзе. Больш за тое, ні пра якія кампенсацыі гутаркі не ідзе”, – тлумачыць Павел Багдановіч.
Прычыны няўдзелу – фінансавыя пытанні, якія ўзніклі паміж музыкамі і прамоўтарамі з Gabe Reed Productions. Быццам бы ім не заплацілі грошы за ўдзел у шоў. Тым не менш, з беларускага боку запэўніваюць, што ганарары музыкам заплачаныя загадзя, як і прынята ў сусветным шоў-бізнэсе.
Што датычыцца Кронаса з гурта Venom – ён папросту захварэў і ляжыць з падазрэннем на запаленне лёгкіх.
Замены музыкам, якія не даедуць, не плануецца. Адзінае, Ніка Мензу заменіць бубнач з гурта Manowar.