У Мінск прыедзе расійскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў
Прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў 27-28 кастрычніка наведае Мінск для ўдзелу ў пасяджэннях Еўразійскага міжурадавага савета і Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў — удзельнікаў СНД, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу расійскага ўраду.
27 кастрычніка прэм’еры Беларусі, Расіі, Арменіі, Казахстана і Кыргызстана разгледзяць шэраг ключавых пытанняў інтэграцыйнага парадку дня Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Плануецца разгледзіць праект новага Мытнага кодэксу ЕАЭС, узгадніць праект бюджэту саюза на 2017 год і падпісаць шэраг дакументаў.
28 кастрычніка адбудзецца пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў — удзельнікаў СНД. На ім асаблівую ўвагу нададуць развіццю гандлёва-эканамічнага і прамысловага супрацоўніцтва, гуманітарным сувязям, а таксама пытанням павышэння харчовай бяспекі. Будзе падпісаны шэраг пагадненняў у розных сферах.