Кучма: Украіна разлічвае на дапамогу Лукашэнкі і Беларусі
У Мінск прыляцеў Леанід Кучма. Экс-прэзідэнт Украіны нядаўна быў прызначаны ўкраінскім прадстаўніком у трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны (яе ён пакінуў восенню 2018-га). Раніцай 5 чэрвеня Кучма сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. "Палітыка, Леанід Данілавіч, цябе не адпускае ніяк, — цытуе словы беларускага кіраўніка БЕЛТА. — Але гэта да лепшага".
Лукашэнка падкрэсліў, што не толькі ён, але і большая частка беларусаў з задавальненнем успрынялі прыезд Леаніда Кучмы. "Яны ведаюць мае даўнія адносіны да Беларусі, ведаюць пра нашы добрыя адносіны", — сказаў экс-прэзідэнт.
5 чэрвеня ў Мінску пройдзе пасяджэнне Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. На ім будуць агучаныя новыя прапановы Кіева. Напярэдадні ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ў Мінск прыедзе начальнік украінскага Генштаба Руслан Хамчак.
Кучма падчас сустрэчы з беларускім кіраўніком падкрэсліў, што Мінск — гэта "адзінае месца, дзе можна праводзіць нармальны дыялог". Ён супраць пераносу перамоўнай пляцоўкі ў іншае месца. "Для мяне асабіста заўсёды радасць была быць у Мінску, у вашай цудоўнай краіне, сустракацца з прэзідэнтам, да якога я адношуся з вялізнай павагай", — сказаў Леанід Кучма.
Экс-прэзідэнт Украіны спадзяецца на сумеснае вырашэнне праблем і разлічвае на дапамогу персанальна Аляксандра Лукашэнкі.