У Мінскім раёне затрымалі групу выкрадальнікаў ровараў
Два з чатырох яе ўдзельнікаў ужо маюць судзімасці за крадзяжы.
У Мінскім раёне міліцыянты затрымалі чатырох маладых людзей — двум па 22 гады, аднаму 23, самаму старэйшаму — 31. Затрыманыя — жыхары вёскі Бараўляны, пасёлка Лясны і Мінска.
Усіх чатырох падазраюць у серыі крадзяжоў дарагіх ровараў з пад'ездаў шматкватэрных дамоў у Бараўлянах і Мінску у 2013-2015 гадоў, перадае БелаПАН. Прычым два з затрыманых — раней ужо судзімыя за крадзяжы.
Маладыя людзі заходзілі ў незачыненыя пад'езды альбо выдавалі сябе за жыхароў дома. У тамбурах яны знаходзілі ровары і выкрадалі іх. Крадзеную маёмасць прадавалі на барахолках, а таксама выпадковым пакупнікам — удвая-ўтрая ніжэй за рынкавы кошт ровараў. Прыбытак трацілі на спіртное, наркотыкі і ежу.
Міліцыянты выявілі ў выкрадальнікаў частку скрадзеных, але яшчэ не прададзеных ровараў. Неўзабаве іх вернуць законным уладальнікам.
На маладых людзей пачалі крымінальную справу за крадзеж.
Фота — zhlobin-news.org